У такійскім аэрапорце пасьля сутыкненьня ў небе зь іншым самалётам загарэўся пасажырскі лайнэр

Самалёт авіякампаніі Japan Airlines. Токіё, 2 студзеня 2024

Пасажырскі самалёт авіякампаніі Japan Airlines гарэў на ўзьлётна-пасадачнай паласе аэрапорту Ханэда ў Токіё. На борце было 379 пасажыраў і чальцы экіпажу. Усіх іх удалося эвакуаваць.

Паводле японскага тэлеканалу NHK, лайнэр ляцеў у Токіё з Хакайда. Ён сутыкнуўся з самалётам берагавой аховы ў небе над аэрапортам. У самалёце берагавой аховы было шэсьць чалавек. Аднаму зь іх удалося эвакуавацца, іншыя загінулі.

Экіпаж берагавой аховы рыхтаваўся вылятаць у раёны, якія пацярпелі ад землятрусу.

Берагавая ахова паведаміла, што ў сутыкненьні ўдзельнічаў адзін зь яе самалётаў, які накіроўваўся ў аэрапорт Ніігата на заходнім узьбярэжжы Японіі, каб даставіць дапамогу тым, хто пацярпеў ад моцнага землятрусу, які адбыўся ў дзень Новага года, у выніку чаго загінулі па меншай меры 48 чалавек.

З 1 студзеня ў Японіі адбылося больш за 150 падземных штуршкоў. Магнітуда наймацнейшага дасягала 7,6.

Для ўсяго заходняга ўзьбярэжжа была аб'яўлена пагроза цунамі, яе адмянілі праз суткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Японіі падчас землятрусу загінулі ня менш за 48 чалавек. ФОТА