Беларускія тэнісісткі Азаранка і Сабаленка згулялі паміж сабой у паўфінале турніру ў Аўстраліі

Арына Сабаленка, архіўнае фота

6 студзеня на турніры ў аўстралійскім Брысбене адбыўся паўфінальны матч, у якім супернічалі дзьве наймацнейшыя беларускія тэнісісткі.

Па выніках сустрэчы Арына Сабаленка перамагла Вікторыю Азаранку ў двух сэтах — 6:2, 6:4.

Раней Сабаленка і Азаранка сустракаліся паміж сабой чатыры разы, зь якіх тройчы перамагла Сабаленка.

Цяпер Сабаленка займае другі радок у сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), Азаранка — 23-я ў рэйтынгу.

У фінале Арына Сабаленка згуляе з прадстаўніцай Казахстану Аленай Рыбакінай (4-я ў рэйтынгу).

Прызавы фонд турніру ў Брысбене (катэгорыя WTA-500) складае 1,74 млн даляраў. У 2023-м Сабаленка двойчы перамагла на аўстралійскіх кортах: у Адэлаідзе і на Australian Open у Мэльбурне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска Арына Сабаленка страціла першы радок у сусьветным тэнісным рэйтынгу

Арына Сабаленка сёлета зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазыцыю, а менавіта за падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі на радзіме і маўчаньне адносна расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Арганізатары Ўімблдонскага турніру не адразу выдалі беларусцы візу для ўдзелу ў лёнданскіх спаборніцтвах.

Украінскія тэнісісткі пасьля матчаў адмаўляліся ціснуць Сабаленцы руку. Яна ж заяўляла, што супраць вайны, але ні на што паўплываць ня можа. Пазьней Сабаленка заявіла, што цяпер ужо не падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі. Арганізатары «Ралян Гарос» абаранялі Сабаленку ад пытаньняў пра палітыку і вайну. Яна ж сама казала, што ня мае камэнтароў на пытаньні такога парадку і гатовая размаўляць толькі пра тэніс.

У 2020 годзе Арына Сабаленка пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год.

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся толькі фразамі, што яна «супраць вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падтрымліваю Лукашэнку цяпер». Сабаленка адказала на палітычныя пытаньні

11 верасьня 2023 году Арына Сабаленка стала другой беларускай у гісторыі, якая стала першай ракеткай сьвету, але не пратрымалася на першай пазыцыі і двух месяцаў: прычынай стала параза ў паўфінале выніковага турніру WTA ў Мэксыцы.

У 2012–2013 гадах лідэркай сусьветнага рэйтынгу была Вікторыя Азаранка, яна трымалася на чале сьпісу даўжэй за суайчыньніцу. Упершыню Азаранка ўзышла на першае месца 30 студзеня 2012 году, у той дзень, калі перамагла ў фінале Australian Open Марыю Шарапаву, якая мела беларускія карані, але ў спаборніцтвах выступала за Расею.

Той жа Шарапавай Азаранка саступала першы радок у 2012-м, але меней чым на месяц. Затым яна ўзначаліла рэйтынг да лютага 2013 году, пакуль на першае месца ня выйшла амэрыканка Сэрэна Ўільямс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вікторыя Азаранка ня будзе выступаць у турніры ў падтрымку Ўкраіны, украінскія тэнісісткі былі супраць яе ўдзелу