Афіцыйныя СМІ расказалі, як у Беларусі дзяцей з акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці вучылі бясьпецы паводзін

Дзеці з горада Антрацыт Луганскай вобласьці ў Магілёўскім цэнтры бясьпекі, студзень 2024 году, фота МНС Беларусі

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі паведамілі, што экскурсія ў абласны Цэнтар бясьпекі стала «адной з самых запамінальных».

Дзяцей, якіх прывезьлі з акупаванага Расеяй гораду Антрацыт Луганскай вобласьці ў беларускі санаторый «Дубровенка», у Магілёўскім абласным цэнтры бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацый пад гукі сырэн вучылі паводзінам падчас пажару.

Як адзначаецца ў матэрыяле, які выйшаў на рэгіянальным тэлеканале «Магілёў», дзеці з Луганшчыны наведалі «шмат цікавых месцаў: былі ў музэі, у заасадзе, у Менску на прэзыдэнцкай ялінцы, на губэрнатарскай ялінцы».

На сайце Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі адзначаецца, што экскурсія ў абласны Цэнтар бясьпекі стала «адной з самых запамінальных».

«Гэта і ня дзіўна. Тут у найбольш цікавай форме дзяцей і дарослых навучаюць асновам бясьпекі жыцьцядзейнасьці. У гэтым дапамагаюць інтэрактыўныя гульні, мадэляваньне розных надзвычайных сытуацый», — паведамілі ў МНС Беларусі.

Пятага студзеня паведамілі, што ў санаторыі «Дубровенка», які зьяўляецца ведамасным санаторыем Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, цяпер знаходзіцца 35 дзяцей, вывезеных з гораду Антрацыту Луганскай вобласьці.

У пачатку году іх наведаў беларускі паралімпіец Аляксей Талай, фонд якога арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне». Гэта стала прычынай увядзеньня Ўкраінай санкцый у дачыненьні да Аляксея Талая. Апроч таго, ягоная дзейнасьць у незаконным вывазе дзяцей з Украіны расьсьледуецца ў межах крымінальнай справы аб расейскіх ваенных злачынствах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талай прывёз у ведамасны санаторый Беларускай чыгункі пад Магілёвам яшчэ 35 украінскіх дзяцей

Санаторый «Дубровенка» знаходзіцца ў лесапаркавай зоне за 4 кілямэтры ад Магілёва. Установа спэцыялізуецца на лячэньні захворваньняў органаў кровазвароту, касьцёва-цягліцавай сыстэмы і злучальнай тканкі, органаў дыханьня, нэрвовай сыстэмы і страваваньня. Згодна са статутам, у ім могуць адпачываць і лячыцца як дарослыя, так і дзеці.

Горад Антрацыт Луганскай вобласьці з 2014 году знаходзіцца пад кантролем расейскай улады. Украіна ўключыла гэты горад у пералік часова акупаваных Расеяй тэрыторый.

Паводле сакратарыяту Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч, зь якіх вярнуць ва Ўкраіну змаглі толькі 387 дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы