Суд у справе аб забойстве ў Кіеве Паўла Шарамета прыпынілі праз вайну

Акцыі памяці Паўла Шарамета. Архіўнае фота

Спыніць справу папрасіла абарона абвінавачаных, бо двое фігурантаў, Яна Дугар і Андрэй Антоненка, служаць у войску.

Разгляд справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета прыпынілі да дэмабілізацыі адной з абвінавачаных, паведамляе «Українська правда».

Абвінавачаныя цяпер у войску: Яна Дугар мабілізаваная, Андрэй Антоненка служыць па кантракце.

Баявы мэдык Дугар удакладніла, што займае кіроўную пасаду і працуе на эвакуацыі байцоў з поля бою. Антоненка патлумачыў, што ваюе на адным з важных кірункаў.

Трэцяя фігурантка, Юлія Кузьменка, расказала, што таксама езьдзіць у прыфрантавыя рэгіёны як лекар.

Пацярпелыя, маці і дачка Шарамета, а таксама рэдактар-заснавальнік УП Алена Прытула, падтрымалі адкладаньне разгляду. Іх адвакат таксама служыць ва УСУ, таму раней пацярпелыя ўжо прасілі прыпыніць суд да канца вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: гадавіна забойства Паўла Шарамета
  • Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
  • Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
  • На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі.
  • Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства.
  • З верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд.
  • Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы афіцэр ФСБ заявіў, што забойства Паўла Шарамета ў Кіеве арганізавалі расейскія спэцслужбы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета. Сёньня яму 50 гадоў