«На славу Расеі». Мясьніковіч атрымаў мэдаль Сталыпіна ад расейскага ўраду

Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

Старшыню Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясьніковіча ўганаравалі расейскім мэдалём Сталыпіна I ступені.

Такое распараджэньне прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна апублікавалі на расейскім афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, піша БелТА.

Мэдалём Сталыпіна I ступені Мясьніковіча ўзнагародзілі «за вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня ў Эўразійскім эканамічным саюзе».

Мэдаль Сталыпіна — узнагарода ўраду РФ, заснаваная ў 2008 годзе, яе назвалі ў гонар старшыні Савету міністраў Расейскай імпэрыі Пятра Аркадзьевіча Сталыпіна. Мэдаль Сталыпіна зьяўляецца заахвочваньнем за «заслугі ў вырашэньні стратэгічных задач сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Расеі, у тым ліку рэалізацыі доўгатэрміновых праектаў ураду РФ у галінах народнай гаспадаркі, прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і іншых галінах дзейнасьці».

Мэдалём узнагароджваюць, як правіла, дзяржаўных службоўцаў і іншых грамадзян Расеі. Міхаіл Мясьніковіч — першы беларус, узнагароджаны мэдалём. Зь неграмадзян Расеі мэдалём раней таксама ўзнагародзілі былога прэм'ер-міністра Армэніі Тыграна Саргсяна.

Мэдаль мае дзьве ступені, найвышэйшай ступеньню зьяўляецца першая. Узнагарода вырабляецца з латуні, на ёй ёсьць выява Сталыпіна і рэльефны надпіс «На славу Расеі, на дабро расейцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхаіл Мясьніковіч пакіне пасаду старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі
  • Міхаілу Мясьніковічу 73 гады. Ён кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта Беларусі (1995–2001), Нацыянальнай акадэміяй навук (2001–2010), быў прэм’ер-міністрам (2010–2014), а таксама ўзначальваў Савет Рэспублікі (2015–2019). Калегію ЭЭК Мясьніковіч ачоліў у лютым 2020 году, калі старшынёўства ў арганізацыі на 4 гады пераняла Беларусь.
  • Цяпер ён пакідае пасаду старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі з 2020 году, яго месца зойме прадстаўнік Казахстану Бакытжан Сагінтаеў, які раней быў у сваёй краіне прэм’ер-міністрам.