Летась беларусы пад пагрозай крымінальнага перасьледу пералічылі на дабрачыннасьць за данаты «экстрэмістам» 37 млн рублёў

Сьледчы камітэт.

У 2023 годзе Сьледчы камітэт перадаў у пракуратуру для накіраваньня ў суд больш за 1300 спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці», заявіў на пасяджэньні калегіі ведамства яго старшыня Дзьмітры Гара.

Пра гэта паведамляе выданьне «Беларусь сегодня».

Ён таксама сказаў, што «рэалізуецца мэханізм вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці асоб, якія ўчынілі фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, аднак прыйшлі з павіннай і загладзілі ўчыненую шкоду».

Паводле Гары, сума выплачаных дабрачынных ахвяраваньняў па выніках мінулага году ўжо перавысіла 37 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі айцішнік ахвяраваў тэлеграм-каналу 1,78 эўра — ГУБАЗіК прымусіў яго перавесьці дзіцячаму фонду 1000 даляраў

Першыя сьпісы работнікаў ІТ-сфэры, якія данацілі ў фонды дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, зьявіліся на пачатку 2023 году.

Дагэтуль на гутаркі ў КДБ выклікаюць нават тых, хто даўно ўжо не ў Беларусі. Супрацоўнікі спэцслужбаў на такіх сустрэчах прапаноўваюць пералічыць дзяржаўным арганізацыям сумы, якія шматкроць перавышаюць памер данату.