Дакумэнтальны фільм пра Ціханоўскую пакажуць на фэстывалі Art Doc Fest

Кадр з фільму «Выпадковы прэзыдэнт»

Дакумэнтальны фільм «Выпадковы прэзыдэнт», прысьвечаны дэмакратычнай лідэрцы Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай, плянуюць паказаць у Рызе 2 сакавіка ў рамках фэстывалю Art Doc Fest.

Фільм рэжысэраў Майка Лернэра і Мартына Гэрынга расказвае пра тое, як Ціханоўская выйшла на міжнародную палітычную арэну, пасьля таго як яе мужа Сяргея Ціханоўскага арыштавалі за тое, што адважыўся кінуць выклік беларускаму дыктатару Аляксандру Лукашэнку і паспрабаваў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, піша латвійскі партал lsm.lv.

Па словах стваральнікаў карціны, гэты дакумэнтальны фільм «дае пераканаўчую магчымасьць праліць сьвятло на дэмакратычны выбар народу Беларусі ў 2020 годзе і барацьбу за глябальнае прызнаньне гэтага выбару».

«Амаль праз чатыры гады пасьля выбараў рэжым па-ранейшаму нястомна ўтрымлівае нацыю ў палоне. Тысячы людзей цяпер у зьняволеньні, а тыя, хто выступае супраць рэжыму, у тым ліку іх сваякі, сутыкаюцца з пастаяннымі пагрозамі перасьледу», — адзначаюць стваральнікі карціны.

Пасьля паказу фільму, які пачнецца ў 15:30 у Splendid Palace у Рызе, пройдзе сэсія пытаньняў і адказаў з удзелам намінаваных на «Оскар» рэжысэраў Майка Лернэра і Мартына Гэрынга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Соні Гандзі да Сьвятланы Ціханоўскай і Юліі Навальнай. Гісторыі жонак палітыкаў, якія працягнулі справу мужоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк назваў Навальную праектам «кухарка-2». Як на гэта зрэагавалі вядомыя жанчыны Беларусі