Байдэн і Трамп атрымалі перамогу на праймэрыз у Супэраўторак

Дональд Трамп і Джо Байдэн, каляж

У ЗША 5 сакавіка ў 15 штатах прайшлі першасныя партыйныя выбары, падчас якіх вызначаецца, каго з кандыдатаў намінуюць у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў.

Паводле папярэдніх зьвестак, у Рэспубліканскай партыі перамогу ў 13 з 15 штатаў зь вялікай перавагай атрымаў былы прэзыдэнт Дональд Трамп, падлічыла Расейская служба Радыё Свабода. Ягоная суперніца ў барацьбе за намінацыю былая губэрнатарка Паўднёвай Караліны, экс-амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі перамагла толькі ў адным штаце — Вэрмонце. Вынікі галасаваньня на Алясцы зьявяцца раніцай усходнеамэрыканскага часу.

Прэзыдэнт Джо Байдэн, які балятуецца на другі прэзыдэнцкі тэрмін, пераканаўча перамог ува ўсіх штатах. У яго няма сур’ёзных супернікаў у барацьбе за намінацыю.

Так званы Супэраўторак — ключавая падзея ў шматмесячным працэсе праймэрыз, у выніку якога, як правіла, становіцца канчаткова ясным, хто стане кандыдатамі ў прэзыдэнты ад дзьвюх галоўных партыяў краіны. Няўдалыя для Нікі Гэйлі вынікі практычна гарантуюць перамогу Дональда Трампа на рэспубліканскіх праймэрыз і намінацыю яго ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША забараніў штатам выкрэсьліваць Трампа з выбарчых бюлетэняў

Камэнтуючы вынікі Супэраўторка, Дональд Трамп зьвярнуўся да рэспубліканцаў: «Мы павінны абʼяднацца, і гэта адбудзецца вельмі хутка».

Джо Байдэн зьвярнуўся да выбарнікаў з заклікам устаць на абарону дэмакратыі: «Для кожнага пакаленьня амэрыканцаў надыходзіць момант, калі неабходна ўстаць на абарону дэмакратыі. Устаць на абарону нашых асабістых свабодаў. Прыйшоў наш момант. Разам мы пераможам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з Амэрыкай. Першы выпуск падкасту «Куды коціцца сьвет»