«На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча

Аляксандар Мілінкевіч, каляж

Расказваем пра сям’ю палітыка Аляксандра Мілінкевіча, якая зазнае рэпрэсіі некалькі пакаленьняў запар. Маёмасьць у іх пачалі забіраць яшчэ пасьля паўстаньня Каліноўскага.

Праект Свабоды «На карысьць дзяржавы» расказвае пра тое, як у беларусаў адымалі іхняе. Як да розных пакаленьняў прыходзілі прадстаўнікі ўлады і на падставе ўласных законаў пазбаўлялі людзей іхнай зямлі, дамоў, кароваў і іншай гаспадаркі. Як рэпрэсаваныя гаварылі або маўчалі пра адабранае. Як нашчадкі спрабавалі (або не) вярнуць сабе належнае. Гісторыя паўтараецца. І сёньня, у 2020-х, іменем Рэспублікі Беларусь у беларусаў апячатваюць, арыштоўваюць, канфіскуюць кватэры, аўтамабілі, дамы.

Падставамі, каб адбіраць у людзей уласнасьць, было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі, некалькі хваляў калектывізацыі, „раскулачваньне“, надуманыя крымінальныя артыкулы супраць „ворагаў народу“, „ненадзейных элемэнтаў“, „польскіх шпіёнаў“, аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР, масавыя дэпартацыі, генацыд габрэяў падчас нямецкай акупацыі, пасьляваенныя арышты „калябарацыяністаў“, нязгодных з калектывізацыяй, рэлігійных дзеячоў.

Сёньня ў жыхароў Беларусі арыштоўваюць маёмасьць праз крымінальныя справы, заведзеныя паводле „экстрэмісцкіх“ артыкулаў, праз палітычна матываваны статус „тэрарыст“, канфіскуюць кватэры праз „завочныя суды“ над тымі, хто не даспадобы рэжыму Лукашэнкі.

«Маленькім я ня мог зразумець, чаму вузялкі стаялі каля ложка»

Аляксандру Мілінкевічу 76 гадоў. Вырас у Горадні. З адукацыі фізык, мае навуковую ступень. У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзыдэнта Беларусі. Быў старшынём руху «За свабоду» і горадзенскага аддзяленьня «Таварыства беларускай школы». У 2019-м зарэгістраваў у Варшаве «Вольны беларускі ўнівэрсытэт». У 2022-м стаў пазаштатным дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях эўрапейскага выбару Беларусі.

Праўду пра сваіх рэпрэсаваных продкаў Аляксандар Мілінкевіч упершыню пачуў у старэйшых клясах школы, на пачатку 1960-х, пасьля дакладу Хрушчова пра культ асобы Сталіна. Раней ягоныя бацькі баяліся гаварыць пра рэпрэсіі. Яны працавалі настаўнікамі: бацька Ўладзімер выкладаў геаграфію, маці Марыя — дамаводзтва.

«Толькі пры позьнім Хрушчову бацька паехаў у Беласток да брата. А так нават у сваёй біяграфіі не пісаў, што ў Беластоку ягоны родны брат, так моцна баяліся», — расказвае суразмоўца.

Потым штосьці пра рэпрэсіі Аляксандру дарасказала бабуля, частку інфармацыі знайшлі ў архівах.

«Мы жылі ў Савецкім Саюзе, гэта Расейская імпэрыя. А супраць каго паўстаньне? Супраць рускіх», — тлумачыць ён асьцярожнасьць бацькоў.

Да таго ж гарадзенцы навучыліся маўчаць, перажыўшы багата рэпрэсій.

«Калі я быў маленькі, я ня мог зразумець, чаму завязаныя вузялкі стаялі каля ложка. Ужо і Сталіна не было. Вядома чаму. Бо ў Горадні большасьць інтэлігенцыі павывозілі невядома куды, і большасьць не вярнулася. Асабліва часта вывозілі былых служачых, якія за польскім часам працавалі на пошце, настаўнікаў, дактароў», — расказвае суразмоўца.

Аляксандар Мілінкевіч у дзяцінстве разам з бацькамі. 1954 год

Вяскоўцы перадавалі паўстанцам ежу, лячылі параненых

Прапрадзед палітыка па кудзелі (па матчынай лініі) Юры Мілінкевіч і прадзед Казімер жылі ў засьценку Зубрава пад Шчучынам на Горадзеншчыне. За 300 мэтраў ад вёскі цячэ рака Котра, па якой сёньня праходзіць мяжа зь Літвой.

З архіўных дакумэнтаў вядома, што ў 1863 годзе ў Зубраве жылі 12 праваслаўных і каталіцкіх сем’яў, усяго больш за 100 чалавек. У часы Рэчы Паспалітай зубраўцы былі стральцамі і асочнікамі, ахоўвалі Горадзенскую пушчу, суправаджалі каралеўскія паляваньні. Вёска падтрымала паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

«Продкі нашыя і з нашай сям’і таксама змагаліся за праўду, каб было па-людзку і па справядлівасьці», — так апісвала ўнуку сэнс паўстаньня бабуля Крысьціна Ханевіч зь Мілінкевічаў, старэйшая сястра ягонага дзядулі, якая нарадзілася ў 1864 годзе і пражыла амаль сто гадоў.

Зубраўцы дастаўлялі правіянт атрадам паўстанцаў у лясах. Не выдавалі іх царскім уладам. На Сьвятым балоце паблізу Зубрава адбылася адна з буйных бітваў паўстаньня. Палегла каля ста чалавек. Параненых паўстанцаў потым выходжвалі ў пушчанскіх вёсках. Лячыла іх і прабабуля Мілінкевіча Марыя Сямёнаўна, якая была траўніцай. Ці бралі зубраўцы ўдзел у баях, невядома.

«Паўстанцамі называлі ўсіх, хто быў удзельнікам паўстаньня, не абавязкова са зброяй у руках — усіх, хто дапамагаў», — тлумачыць палітык.

Усю вёску выселілі, хаты палілі або аддавалі расейскім сялянам

Усю вёску, якая падтрымала паўстаньне, выселілі. Маёмасьць канфіскавалі. Кагосьці выслалі ў Самарскую губэрню, іншых — у суседнія вёскі: Бершты, Якубавічы, Пілаўню, Зубраўку. Хаты зубраўцаў перадавалі прывезеным рускім сялянам або палілі ў прысутнасьці вяскоўцаў.

«Уявіце, якая трагедыя», — кажа Аляксандар Мілінкевіч.

Гэта было рашэньне генэрал-губэрнатара Мураўёва-вешальніка. Судовага працэсу не спатрэбілася.

«Неприменно всю оную деревню за скрывательство и доставленіе мятежникамъ продуктовъ и прочего, — всю выселить», — казала пастанова генэрал-губэрнатара «Вѣдомости крестьянамъ деревни Зуброва Берштовскаго Общества переселеннымъ въ другія деревни за причастіе къ мятежу».

Зубраўцы ў 1865 годзе скіравалі свайго аднавяскоўца Сьцяпана Павядайку з прашэньнем у Санкт-Пецярбург, каб расейскі імпэратар дазволіў усім жыхарам «попрежнему водвориться въ деревню Зуброво въ свои жилища и владѣть своими осѣдлостями». Аднак Аляксандар II вярнуў ліст Мураўёву, каб той разгледзеў пытаньне на месцы.

З прашэньня вядома, як жорстка расейскія выканаўцы высялялі людзей, білі іх, дзяцей кідалі ў сьнег, не дазволілі ўзяць ежу.

«Исправникъ выгналъ насъ всѣхъ совершенно вонъ, не дали намъ даже снять ни ярового, ни озимаго хлѣба... Насъ жестоко избили, дѣтей же малыхъ павыкидали на снѣгъ... Остались въ таковыхъ нашихъ положеніяхъ, даже безъ пристанищъ и насущнаго хлѣба».

Бабуля Аляксандра Мілінкевіча Хрысьціна з унукамі і праўнукамі. Аляксандар Мілінкевіч першы справа

Маці атрымлівала стыпэндыю як унучка паўстанца

Дамы ў Зубраўцы стаяць і сёньня. Але апошнія жыхаркі, дзьве сястры, памерлі некалькі гадоў таму. Мілінкевіч езьдзіў да іх, распытваў пра паўстаньне, але яны нічога не маглі расказаць. Дзе стаяла хата ягонага прапрадзеда Юрыя і ягоных сыноў, ён ня ведае. Імаверна, яна не захавалася.

Пасьля высяленьня Мілінкевічы пераехалі жыць у суседнюю вёску Бершты, хутчэй за ўсё, да сваякоў, і ў суседні засьценак Зубраўку.

«Жылі ў хатах па 15–20 чалавек, калі прыяжджала рэпрэсаваная сям’я», — расказвае Аляксандар Мілінкевіч.

Пасьля 1864 году ўлады забаранілі хаваць памерлых на старых могілках каля Берштаў, заснавалі новыя.

«Могілкі — гэта памяць. Так ліквідавалі памяць пра мінулае, пра паўстаньне», — расказвае суразмоўца.

Ягоная маці ў міжваенны час у Горадні атрымлівала ў прафэсійнай школе стыпэндыю як унучка паўстанца.

Свой дом у Зубраве, забраны пасьля паўстаньня, Мілінкевічы сабе не вярнулі.

«Адзіная магчымасьць вярнуць магла быць у міжваеннае дваццацігодзьдзе, калі мы былі ў складзе Рэчы Паспалітай. А за царскім часам хто ж будзе кампэнсаваць, калі тваіх продкаў пакаралі як злачынцаў, як мяцежнікаў? Такой праграмы не магло быць, бо справядліва пакаралі, паводле царскага заканадаўства. Я ня ведаю, ці пачыналася праграма польскага ўраду з 1920 па 1939 гады, каб кампэнсаваць тое, што ў іх калісьці забралі», — кажа ён.

Дзед змагаўся за беларускія школы і ня верыў бальшавікам

Дзед палітыка, таксама Аляксандар Мілінкевіч, нарадзіўся ў 1884 годзе ў Берштах. Працаваў на чыгунцы ў Санкт-Пецярбургу. Падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны разам з дачкой вярнуўся ў Бершты. Актыўна ўдзельнічаў у руху Таварыства беларускай школы на Горадзеншчыне.

Дзядуля Аляксандар Мілінкевіч з бабуляй Лідзіяй

«Амаль у кожнай другой вёсцы ў нашым рэгіёне былі структуры ТБШ. Гэтыя суполкі адстойвалі права вучыцца беларускай мове. Спачатку гэта атрымлівалася. Потым беларускі рух трапіў пад уплыў сацыял-дэмакратаў, а сацыял-дэмакраты — пад уплыў Масквы. У Берштах нават утварылася партызанка супраць палякаў. Каля 200 маладых людзей пайшлі ў лес і змагаліся там, зь Літвы вазілі выбухоўку, зброю», — расказвае суразмоўца.

Хутка беларускі рух здушылі. На пачатку 1930-х усе школы на Горадзеншчыне перавялі на польскую мову. Дзеда Мілінкевіча рэпрэсавалі як удзельніка гэтага руху. Дапытвалі ў Вільні. Пасадзілі ў турму. Хутчэй за ўсё, ён сядзеў у канцы 1920-х гадоў.

«За ім сачылі як за лідэрам беларускага руху, пісалі дакладныя, што чалавек ненадзейны, але ўплывовы, змагаецца за школы. Ён выйшаў і ўсё роўна быў актыўны. У камуністычны рух не пайшоў. Казаў, што ня верыць бальшавікам, ня хоча мець зь імі нічога агульнага, ня хоча, каб тут была Расейская імпэрыя. Казаў, што бачыў, якія зьверствы яны рабілі ў Пецярбургу падчас рэвалюцыі», — кажа палітык.

Будынак старой хаты ў сядзібе Мілінкевіча ў Берштах

Дзед Аляксандра Мілінкевіча ў 1930-х гадах пабудаваў у вёсцы Ліпнікі каля Берштаў вялікі «гарадзкі» дом. Дапамаглі ягоныя дзеці, бацькі палітыка. Ім як настаўнікам дзяржава дала вялікія танныя крэдыты на пабудову жытла. У гэтым доме месьцілася пачатковая школа. Там выкладала і другая жонка дзеда Мілінкевіча, якая свабодна гаварыла па-француску і па-нямецку.

«Я ўсё дзяцінства на канікулах там жыў. Гэта сапраўдны катэдж, з другім паверхам і вялізным бальконам», — успамінае палітык.

Калі прыйшлі першыя саветы (з 1939 па 1941 год), то ня сталі забіраць дом, бо ў ім была школа. Другія саветы (пасьля 1944-га) забралі ў дзеда прыватны ўчастак лесу, луг, вялікі надзел зямлі ў калгас у 1940-х гадах. Дом не забіралі. Колькі было зямлі, суразмоўца ня ведае.

«Дзядуля паказваў рукой: вось да таго лесу», — успамінае гарадзенец.

Цяпер ад дома ў Ліпніках застаўся толькі фундамэнт. Другі паверх гэтага дома перанесьлі ў Горадню, туды, дзе жыла сям’я Аляксандра Ўладзімеравіча. Першы паверх перанёс сабе іншы сваяк.

Вярнуць забраную ў калгас зямлю, мяркуе Мілінкевіч, можна было б у часы дэмакратыі ў Беларусі, але яна доўжылася толькі тры гады — з 1991 па 1994. Ягоная сям’я сабе нічога не вярнула.

Аляксандар Мілінкевіч у сваім доме ў Берштах

Бацьку ледзь не расстралялі

Бацькі Аляксандра Мілінкевіча на пачатку 1930-х паехалі ў Варшаву. Працавалі разам з выбітным польскім пэдагогам і пісьменьнікам Янушам Корчакам. У 1939 годзе ў Варшаве нарадзіўся іх першы сын. Маці вярнулася зь ім у Ліпнікі. Калі ў верасьні 1939 году пачалася Другая ўсясьветная вайна, бацька пайшоў пешкі дадому на Горадзеншчыну разам яшчэ з адным настаўнікам. У дарозе ў яго ледзь не забралі самае каштоўнае.

«Немцы праверылі дакумэнты і прапусьцілі. На посьце Чырвонай арміі доўга не разьбіраліся: у капелюшах, з гальштукамі — шпіёны. Павялі на расстрэл. Калі падводзілі да рова, то пачулі, што бацька добра ўмее гаварыць на расейскай мове. Пакінулі бацьку жыць, раз ён „іхні“, а „гэтага — у расход“. І пры бацьку расстралялі ягонага сябра толькі за тое, што той быў у капелюшы, значыць контра», — расказвае Мілінкевіч.

Ягоныя бацькі валодалі некалькімі мовамі. Аднак па-беларуску размаўлялі толькі дома, па-за ім баяліся. Бацька палітыка 24 гады быў дырэктарам школы № 1 у Горадні.

«Непрыемна, калі хтосьці чужы ходзіць па тваёй хаце»

Сам Аляксандар Мілінкевіч нарадзіўся ўжо ў Горадні ў 1947 годзе, там жа і жыў. Але на пачатку 1990-х гадоў палітык пабудаваў дом у вёсцы Бершты, на радзіме сваіх продкаў.

«Гэтая зямля, дзе я пабудаваўся на пачатку незалежнасьці, не належала раней нашай сям’і. Дом з новага цыліндрычнага кругляка на беразе возера, у цэнтры вёскі. Просты драўляны прыгожы дом зь велізарнымі вокнамі зь відам на Берштаўскае возера», — распавядае Мілінкевіч.

Адну з пабудоваў гарадзенец перавёз зь вёскі паблізу. Гэта вялікая хата, якой цяпер ужо 140 гадоў. Прыклад таго, як дамы ў пушчы выглядалі тады. Пабудова і пляніроўка ідэнтычныя, зь сенямі і каморай.

Апошні раз палітык быў у сваёй вясковай хаце ўвосень 2021 году. Думаў, што едзе за мяжу на 2–3 месяцы, але не вяртаецца ўжо трэці год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У доме палітыка Мілінкевіча на Горадзеншчыне прайшоў ператрус

Сядзіба Мілінкевіча ў Берштах

У канцы 2023 году стала вядома, што ў доме Мілінкевіча ў Берштах правялі ператрус. Дзьверы ўзламалі. Афіцыйна яго ніхто пра гэта не апавяшчаў. Прычыну ператрусу ён ня ведае. Прыкладна ў гэты ж час завялі справу на прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады.

«Наколькі ведаю, прыехалі сілавікі, старшыня сельсавету, выканаўчая ўлада. Рэчаў нібыта не забралі. З усяе хаты павывозілі дакумэнты, можа, у спадзеве, што нешта „тэрарыстычнае“ знойдуць. А там не „тэрарыстычнае“, а „гістарычнае“, збольшага мае краязнаўчыя архівы», — кажа гарадзенец.

Цяпер дзьверы ў дом палітыка апячатаныя. Новыя замкі замест зламаных ня ўставілі.

«Проста наклеілі налепкі і на іх пячаткі паставілі. Я маю надзею, што берштаўцы з павагі да мяне і са страху, што ўлада апячатала, ня ўлезуць. Там у мяне каштоўнасьці не матэрыяльныя, а сямейныя, альбомы з фатаграфіямі. Гэта самае каштоўнае», — кажа суразмоўца.

Палітык дапускаў, што такое можа здарыцца. Прыкладам, Вольны ўнівэрсытэт, які ён стварыў, прызналі «экстрэмісцкім». Але ўсё адно Мілінкевіч перажывае празь ператрус.

«Баліць гэта, канечне. Непрыемна, калі хтосьці чужы ходзіць па тваёй хаце. Кожнаму чалавеку радзіма многа значыць. Гэта мая другая частка радзімы, ня толькі Горадня», — кажа Аляксандар Мілінкевіч.

Берштаўскае возера