Андрэй Ягораў застаўся сьпікерам Каардынацыйнай рады да новых выбараў

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў захавае да 25 траўня пасаду сьпікера Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу.

Такія вынікі галасаваньня, якое адбылося ў Радзе 19 сакавіка, паведамляе прэс-служба палітычнай структуры.

Пасаду віцэ-сьпікера зойме Вольга Павук.

Кандыдатуру Андрэя Ягорава падтрымала 51,57% чальцоў Рады, якія галасавалі (31 голас), Павук – 25% (15).

4 сакавіка Ягораў заявіў, што трэба «давесьці справу ў арганізацыі выбараў» трэцяга складу КР 25 траўня «да канца». Палітык падкрэсьліў, што «асноўная адказнасьць» рады – «працяг працы самой інстытуцыі».

«Таму Каардынацыйная рада ня можа аб'явіць аб самароспуску і пакінуць пытаньне арганізацыі выбараў на каго-небудзь іншага», – дадаў ён.

19 лютага стала вядома, што дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у новы склад КР. «Працоўная група па выбарах, [якая складаецца з прадстаўнікоў] офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Абʼяднанага пераходнага кабінэта і партый, дасягнула кансэнсусу», – гаварылася ў паведамленьні.

13 сакавіка Каардынацыйная рада зацьвердзіла палажэньне аб выбарах у КР і накіравала яго Ціханоўскай, якая ўзначальвае Абʼяднаны пераходны кабінэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На раздарожжы. Якой можа быць стратэгія дэмакратычнай супольнасьці ў цяперашніх умовах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Каардынацыйнай рады спрэчкі і праблемы не зь Ціханоўскай, а з прадстаўнікамі Кабінэту», — сьпікер КР Ягораў