Беларусь і Куба працягнулі дыялёг аб вайсковым супрацоўніцтве, гэтым разам у галіне авіяцыі і СПА

Перамовы беларускай і кубінскай вайсковых дэлегацый. Менск, 8 красавіка

У Менск прыбыла яшчэ адна вайсковая дэлегацыя з Кубы.

«Узброеныя сілы Беларусі і Кубы ўзаемна зацікаўленыя ў разьвіцьці кантактаў у галіне вайсковай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны», — пра гэта па выніках сустрэчы ў Менску камандуючага ВПС і сіламі СПА Беларусі Андрэя Лук’яновіча з кубінскім калегам Марыё Эрнэста Радрыгесам Пэньярандам паведаміла беларускае Мінабароны.

«Адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаньнях далейшага ўзаемадзеяньня. Бакі пацьвердзілі ўзаемную зацікаўленасьць у разьвіцьці кантактаў па лініі ВПС і СПА», — гаворыцца ў паведамленьні.

У канцы студзеня падчас візыту на Кубу міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Гавана для Менску — стратэгічны саюзьнік у Заходнім паўшарʼі. Ён зазначыў, што паміж Беларусьсю і Кубай ідзе канструктыўны дыялёг.

На пачатку студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разьлічвае на вынікі актывізацыі сувязяў Менску і Гаваны. Раней Лукашэнка зазначаў, што ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кубы адстае ад палітычнага і гуманітарнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі наведаў Гавану і назваў Кубу «стратэгічным хаўрусьнікам у Заходнім паўшар’і»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэніна ўзнагародзілі кубінскім ордэнам за «барацьбу з імпэрыялізмам»