«Дыхай назло ім». Гурт J:Морс прэзэнтаваў новы сынгл «Зброя»

Удзельнікі гурту J:Морс

18 красавіка, у дзень народзінаў свайго лідэра Ўладзімера Пугача, гурт J:Морс прэзэнтаваў новы сынгл «Зброя», у якім апавядае «пра перажытае, пра тое, што дапамагае, пра надзею», гаворыцца ў прэс-рэлізе гурту.

«Чым далей ад дома, тым больш яго не хапае, тым вастрэй адчуваеш сябе яго часткай. Шукаеш сябе ў сьвеце, знаходзіш цэлы сьвет у сабе...

„Зброя“ — гэта песьня-напамін. Як бы ні было цяжка, якія б перашкоды ні сустракаліся на шляху, якім бы змрочным часам ні здавалася жыцьцё — трымайся, усьміхайся, ідзі наперад разам з такімі ж, як ты. Спрабуй зьмяняць сябе, пакрысе мяняючы сьвет вакол. Гэта і ёсьць наша зброя...» — пракамэнтаваў новую песьню лідэр гурта Ўладзімер Пугач у Instagram гурту.

Вакалісту J:Морс Уладзімеру Пугачу 18 красавіка споўнілася 48 гадоў. За апошні год да яго пасьпяховай музычнай кар’еры дадалося выдавецтва беларускамоўных аўдыякніг Litaralna. Нядаўна таксама стала вядома пра ягоны ўдзел у праекце «Купалаўцаў» паводле кнігі «Зэкамэрон» палітзьняволенага юрыста Максіма Знака.

Паслухаць новую песьню можна на ўсіх буйных музычных пляцоўках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кожную трэба месяц і каля 3 тысяч эўра. Лідэр J:Морс запісвае беларускія аўдыёкнігі