Затрыманы за «падрыўную дзейнасьць» сьвятар з Шуміліна публічна выказваў салідарнасьць з Украінай

Сьвятары Анджэй Юхневіч і Павал Лемех

Затрыманне пробашча каталіцкай парафіі касьцёла Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне (Віцебская вобласьць) Анджэя Юхневіча і ксяндза Паўла Лемеха адбылося паводле нібыта падрыўной дзейнасьці супраць беларускай дзяржавы.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным камунікаце кіраўніцтва Місіянэраў Аблятаў, кіраўніком місіі якіх у Беларусі зьяўляецца першы зь іх, адзначае «Позірк».

Адзначаецца, што на пачатку вайны Расеі супраць Украіны Юхневіч публічна выказаў салідарнасьць з украінскім народам і папрасіў аб малітве за хутчэйшае заканчэньне вайны.

Пра затрыманьне сьвятароў стала вядома 9 траўня. Гэта адбылося пасьля сустрэчы сьвятароў і кансэкраваных асоб Віцебскай дыяцэзіі, якая прайшла 8 траўня ў згаданым касьцёле.

Адметна, што затрыманьне адбылося на наступны дзень пасьля таго, як біскуп Віцебскі Алег Буткевіч перайшоў з пасады старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі на пазыцыю віцэ-старшыні.
Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 2020 году перасьлед зазналі не менш як 26 прадстаўнікоў рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Місіянэры Абляты — каталіцкі ордэн з двухсотгадовай гісторыяй. У сьвеце працуе каля 3500 аблятаў, сярод іх 2 кардыналы, 7 арцыбіскупаў і 36 біскупаў.