Навіны палітвязьняў: журналіст Падабед у няволі адзначае 45-ы дзень народзінаў

Шыльда шклоўскай калёніі, архіўнае фота

Па стане на 13 траўня ў Беларусі 1374 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць палітвязьняў можа быць большая.

Падабед у няволі адзначае 45 гадоў з дня народжэньня

Палітзьняволенаму відэаапэратару і фатографу Паўлу Падабеду 13 траўня споўнілася 45 гадоў. Летась яго асудзілі на 4 гады зьняволеньня, ён адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17.

«Зьвестак пра Паўла ў нас скрайне мала, але ведаем дакладна, што ў яго справы ідуць нармальна, крызісных сытуацый няма», — паведаміла пра Паўла Падабеда крыніца, якая прасіла не называць імя ў мэтах бясьпекі.

За кратамі журналіст Падабед знаходзіцца са студзеня 2023 году. Такім чынам, на волю ён мае выйсьці восенью 2026 году.

Менскі гарадзкі суд прызнаў Паўла Падабеда вінаватым паводле артыкулу аб стварэньні так званага «экстрэмісцкага фармавання» альбо ўдзеле ў ім. Журналіст абскардзіў прысуд, але марна. Беларускія праваабаронцы прызналі Паўла Падабеда палітзьняволеным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Падабеду прысудзілі 4 гады калёніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Журналіста Зянкова накіравалі ў калёнію