Усе кааліцыі, якія балятуюцца ў Каардынацыйную раду, улады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

Ілюстрацыйная выява

У сваю чаргу, дэмакратычныя сілы заклікаюць беларусаў далучыцца да галасаваньня на выбарах у КР і тым самым «зрабіць унёсак у будучыню Беларусі».

КДБ прызнаў 7 сьпісаў кандыдатаў, які балятуюцца ў новае скліканьне Каардынацыйнай рады, «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Гэта вынікае з абноўленага сьпісу «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на сайце МУС, заўважыла «Мэдыязона».

«Экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызнаныя аб’яднаньне кандыдатаў «Хопіць баяцца», «Наша справа», абʼяднаньне палітычных партый Народная Грамада і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя «Салідарнасьць», грамадзкі рух «Краіна для жыцьця», «Незалежныя беларусы», «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», «Блёк Пракопʼева — Ягорава», а таксама ўсе ўдзельнікі гэтых абʼяднаньняў.

3 траўня КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» «Каманду Латушкі і Рух «За свабоду». 10 траўня «экстрэмісцкім фармаваньнем» па рашэньні КДБ прызнаныя «Закон і парадак», «Эўрапейскі выбар», «Моладзевы наступ» і «Воля».

Такім чынам, усе 12 сьпісаў кандыдатаў у Каардынацыйную раду прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Belarus ID. Як будзе працаваць галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду і наколькі гэта бясьпечна

У сваю чаргу, дэмакратычныя сілы заклікаюць беларусаў далучыцца да галасаваньня на выбарах у КР і тым самым «зрабіць унёсак у будучыню Беларусі».

«Мы стаім на парозе важнай падзеі ў гісторыі нашай краіны — першых дэмакратычных выбараў у Каардынацыйную Раду, ключавы орган, які будзе прадстаўляць інтарэсы нашага народу і накіроўваць працэсы пераменаў да лепшай будучыні. Гэтыя выбары — ня проста працэдура, гэта наш шанец на рэальныя зьмены», — гаворыцца ў звароце палітыкаў, якія балятуюцца ў КР.

Кандыдаты зьвярнуліся таксама да Сьвятланы Ціханоўскай і да ўсіх цэнтраў дэмакратычных сіл з заклікам актыўна і публічна падтрымліваць працэс выбараў:

«Ваш голас можа ўзмацніць веру людзей у важнасьць іх удзелу, у магчымасьць праз выбары выказаць і абараніць свае правы і свабоды. Наша агульная мэта — незалежная, дэмакратычная і справядлівая Беларусь. Давайце разам скарыстаем гэты шанец зьмяніць нашу краіну да лепшага».

Зварот падпісалі прадстаўнікі выбарчых сьпісаў: Воля; Наша Справа; Незалежныя беларусы; Закон і Правапарадак; Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі; Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»; Краіна для жыцьця. А таксама: Аляксандар Азараў, Сяргей Бяспалаў, Юры Губарэвіч, Аляксандр Кабанаў, Раман Кісьляк, Аляксандар Клачко, Павал Латушка, Станіслаў Лупаносаў, Надзея Нортман, Віталь Рымашэўскі, Віталь Савюк, Роза Турарбекава, Максім Шабуцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў КР: Надзея Нортан і Вэста Свэндсэн
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такая праграма каштуе ад 200 тысяч даляраў». Колькі патрацяць на выбары ў Каардынацыйную раду