Вучыцца быць свабоднымі. Пра выбарчую кампанію ў Каардынацыйную раду як урок дэмакратыі

Канфэрэнцыя да выбараў у КР. 19 траўня, 2024 году

Выбары ў Каардынацыйную раду крытыкуюць з усіх бакоў, але, калі б я быў грамадзянінам Беларусі і пры гэтым не зьбіраўся ў агляднай будучыні наведваць тэрыторыю Беларусі, я б, хутчэй за ўсё, галасаваў (а можа, і балятаваўся б) на гэтых выбарах. Чаму? 

Добра вядома, што крытыкаваць заўсёды прасьцей, чым рабіць нешта канкрэтнае. Таксама прынята лічыць, што лепш зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць.

У Беларусі няма парлямэнту і выбараў у парлямэнт. Але ёсьць беларуская дэмакратычная грамадзкасьць, якая мае патрэбу ў самаарганізацыі, прадстаўніцтве і пляцоўцы для прадстаўнічых дыскусій. Акурат такой, як Каардынацыйная рада.

У прынцыпе, для гэтага ўжо амаль 107 гадоў існуе Рада БНР, якая, фармальна кажучы, зьяўляецца не ўрадам у выгнаньні, а часовым парлямэнтам у выгнаньні. Яна зьявілася ў 1917 годзе як шматпартыйны прадстаўнічы орган, і раніцай 25 сакавіка 1918 году незалежнасьць Беларусі была абвешчаная ёю ня проста так, а пасьля цэлай ночы гарачых дэбатаў між рознымі фракцыямі. У абмежаваным фармаце Рада БНР выконвала функцыю прадстаўнічага органа беларускай экзыльнай антысавецкай грамадзкасьці і пасьля Другой сусьветнай вайны, калі радных дэлегавалі беларускія арганізацыі з розных краінаў. Фармальна магчымасьць дэлегаваць прадстаўнікоў у Раду БНР, паводле яе статуту, любая незалежніцкая беларуская арганізацыя мае і цяпер, толькі гэтая магчымасьць, наколькі можна меркаваць, мала каго цікавіць.

Канкурэнт Рады БНР, Беларуская Цэнтральная Рада, таксама была протапарлямэнцкім органам, чый маштаб дзейнасьці ў пасьляваенны час быў не асабліва меншы за маштаб дзейнасьці Рады БНР. БЦР таксама яднала прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з многіх краінаў, але перастала існаваць у дзевяностыя. Ёй праз абставіны свайго стварэньня ў Менску ў 1944 годзе не было як ператварыцца і ў музэйную каштоўнасьць.

Сёньня, у 2024 годзе, ёсьць Сьвятлана Ціханоўская як абраная прэзыдэнтка Рэспублікі Беларусь, падсправаздачная беларускаму грамадзтву, і як прынамсі прызнаная лідэрка беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці. Але няма выразнага мэханізму і фармату гэтай падсправаздачнасьці. Такім мэханізмам, пры ўсёй зразумелай недасканаласьці, можа быць Каардынацыйная рада. Нават калі ў выбарах возьме ўдзел невялікая колькасьць людзей — хаця б некалькі тысяч — гэтага ўжо будзе дастаткова для легітымнасьці Каардынацыйнай рады. Гэта не парлямэнт Беларусі, гэта літаральна ўсяго толькі каардынацыйная рада апазыцыйных дэмакратычных сілаў. Але такую раду мае сэнс мець.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Каардынацыйную раду і беларускі пашпарт. Што ня так з новай сыстэмай для галасаваньня

Цікава назіраць ужо на пракладзе Каардынацыйнай рады ўсе хваробы і хібы, якія чакаюць беларускі парлямэнтарызм.

Тут і спрэчнае зьняцьце кандыдатаў зь вельмі сумнеўных нагодаў.

Тут і недасканаласьць сыстэмы вэрыфікацыі выбарнікаў, і празьмерна эмацыйная рэакцыя незадаволеных гэтым ці іншымі дробязямі і ня дробязямі.

Тут і папулісцкія пэрсаналісцкія блёкі, калі назва «партыі» адкрыта ўключае імёны палітыкаў і галасаваць як быццам прапануецца не за праграму, а за канкрэтнага Івана Іванавіча, харошага і вядомага вам чалавека. І ўвогуле, усе гэтыя выбарчыя блёкі з назвамі «за ўсё добрае супраць усяго кепскага», зь якіх ты ніколі не зразумееш, а чаго гэтыя палітыкі, уласна, хочуць, хто тут сацыяліст, а хто нацыяналіст.

Тут і цьмяныя постаці, падобныя на махляроў, і былыя лукашысты сярод кандыдатаў. І гэта мы яшчэ не пабачылі, як будуць лічыцца галасы.

Трэба ўсьведамляць, што гэта роўна тая карціна, якая чакае беларускага выбарніка на першых дэмакратычных парлямэнцкіх выбарах, дзе будуць балятавацца дакладна такія ж самыя палітыкі. А калі гэтыя выбары адбудуцца цягам наступных гадоў хаця б дваццаці, дык у тым ліку і літаральна некаторыя з гэтых жа палітыкаў.

Беларусь калісьці будзе чакаць дзікі пэрыяд станаўленьня дэмакратыі — са скандаламі, чорным піярам, карупцыяй і бойкамі ў залі паседжаньняў. Гэта натуральна і непазьбежна, і праз гэта неабходна будзе прайсьці. І гэта, вядома ж, непараўнальна лепей, чым бутафорскі «Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь» часоў А. Лукашэнкі.

Калі ўжо цяпер, у паўцацачнай форме, беларусы змогуць убачыць усе гэтыя хваробы, здолеюць паглядзець у люстэрка на сваю палітычную культуру, гэта, вядома, не дазволіць перадухіліць усе гэтыя зьявы ў якімсьці будучым беларускім дэмакратычным парлямэнце. Але, магчыма, дасьць шанец прынамсі да іх хоць камусьці падрыхтавацца.

Сярод тых, хто балятуецца, ёсьць бясспрэчна годныя кандыдаты і палітычныя сілы з выразнымі каштоўнаснымі пазыцыямі. І ёсьць важны ўрок: на выбарах ніколі ня трэба шукаць ідэальнага мэсію сярод кандыдатаў — трэба ўзважваць і выбіраць з тых рэальных кандыдатаў, якія ёсьць.

Гэта, безумоўна, карыснае практыкаваньне. І, у адрозьненьне ад пытаньня ўдзелу ў лукашэнкаўскіх псэўдавыбарах, тут няма рызыкі паспрыяць легітымацыі аўтарытарнага рэжыму. Каардынацыйная рада ня будзе прызначаць вам падаткі і ўплываць на вашае жыцьцё больш, чым дазволіць узровень вашай цікавасьці да беларускай палітыкі.

Адзіны рэальны аргумэнт супраць удзелу ў гэтых выбарах — тэхналёгіі і бясьпека. Я не валодаю кампэтэнцыяй, каб ацаніць бясьпечнасьць працэсу галасаваньня, наколькі дадзеныя абароненыя ад трапляньня ў рукі рэжыму Лукашэнкі. Але я магу сабе ўявіць, што многім з выбарнікаў у гэтым пляне губляць, на жаль, ня так шмат што і засталося.

Каардынацыйная рада патрэбна, і выбары ў яе — карыснае, хай і не лёсавызначальнае (але хто гаворыць пра лёсавызначальнасьць?) практыкаваньне. Калі маеце магчымасьць, чаму б не паўдзельнічаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў КР: удзельнікі прызнаюць, што кампанія не прыцягнула належнай увагі, але абяцаюць агучыць колькасьць галасоў, «колькі б іх ні было»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы на 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду