Папа Рымскі надаў ганаровы тытул былому пробашчу Чырвонага касьцёла Ўладзіславу Завальнюку

Уладзіслаў Завальнюк. Архіўнае фота

23 траўня падчас пастырскай сустрэчы духавенства Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Будславе мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі паведаміў, што па яго просьбе папа Францішак надаў ганаровы тытул Капэляна Яго Сьвятасьці ксяндзу-каноніку Ўладзіславу Завальнюку, піша Catholic.by.

Дэкрэт аб прызначэньні пад канец сьвятой імшы, якую ў будслаўскай базыліцы сумесна адслужылі духоўныя асобы з усёй архідыяцэзіі, прачытаў на лацінскай мове арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, піша Catholic.by.

Наданьне ганаровага тытула папскага пралата аднаму з найстарэйшых сьвятароў архідыяцэзіі, які 26 траўня адзначыць 50-годзьдзе сьвятарскага служэньня, а 8 ліпеня будзе сьвяткаваць 75-гадовы юбілей з дня нараджэньня, зьяўляецца выказваньнем прызнаньня вялікіх заслуг ксяндза Ўладзіслава перад Каталіцкай царквой афіцыйны сайт Беларускай каталіцкай царквы.

Большая частка сьвятарскага жыцьця Завальнюка была прысьвечана служэньню Касьцёлу ў Беларусі, дзе ён спрычыніўся да адраджэньня веры і адкрыцьця многіх закрытых у гады атэістычнага перасьледу каталіцкіх сьвятыняў.

Пра наданьне яму высокай касьцёльнай адзнакі яму паведамілі ў Будславе, вядома, што ксёндз Уладзіслаў Завальнюк найбольш паспрыяў разьвіцьцю культу Маці Божай Будслаўскай у агульнабеларускім маштабе і яго намаганьнямі штогадовы Будслаўскі фэст быў унесены UNESCO ў рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Да гэтага часу адзіным сьвятаром у Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які меў тытул Капэляна Яго Сьвятасьці, быў ксёндз-пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі сьвятога Юзафа ў Маладэчне і дэкан Маладачанскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зможам хутка аднавіць усе пашкоджаньні». Парафіяльны камітэт апублікаваў фота Чырвонага касьцёла пасьля пажару і зьвярнуўся да ўладаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля пажару ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Як ён выглядае цяпер. ФОТА