Лукашэнка гаворыць пра філязофію культуры, але забываецца пра сякеру пад лавай

Фрагмэнт карціны Алеся Пушкіна

Лукашэнка заявіў, што беларуская дзяржаўнасьць заснаваная на разуменьні філязофіі беларускай культуры. Ня ведаю, наколькі асэнсавана ён агучыў менавіта такую «формулу», але цікава вось што: цяперашнія ўлады, выбудоўваючы тое, як працуе дзяржава, ігнаруюць адзін важны аспэкт нашай культуры. І называецца гэты аспэкт «сякера пад лавай».

Лукашэнка базуе цяперашнюю дзяржаўнасьць абсалютна насуперак гэтай сякеры. Ці то ён настолькі ўпэўнены, што ніколі ні за што не давядзецца адказваць, ці то настолькі паглыбіўся ва ўласную прапаганду, што паверыў у яе і зусім перастаў разумець беларусаў і беларусак.

А я вось памятаю, як у 2020 годзе ў маленькіх мястэчках за палітыку каралі ня так жорстка, як у сталіцы і абласных гарадах. Там жа больш цесныя сувязі, і нікому не хацелася адчуць на сабе ўмоўную суседзкую сякеру – займець спалены хлеў ці пашкоджаную машыну. Таксама я памятаю, як у 2022 годзе ў Гомлі расейскія вайскоўцы прынесьлі ў службу перасылкі нарабаванае ва Ўкраіне. У іх усё прынялі, усё пераслалі, але потым зьвесткі як мінімум некаторых акупантаў і іхных сваякоў зьявіліся ў адкрытым доступе.

Ці адмовілі расейскім вайскоўцам у абслугоўваньні? Не, усё ж трэба было людзям паклапаціцца пра сваю бясьпеку. Але зьвесткі пра аматараў рабаваць людзей і перасылаць дадому здабычу, не саромеючыся... Яны сталі вядомыя так званай шырокай грамадзкасьці.

Я ня ведаю, чаму Лукашэнка так упарта ігнаруе гэтую частку нашай культуры – мы можам пазьбягаць адкрытай канфрантацыі і на першы погляд выглядаць памяркоўнымі ці нават абыякавымі. Але ў Беларусі не ўпершыню ў гісторыі зьявіліся рэйкавыя партызаны! Яны не супрацьстаялі ворагу адкрыта, але цішком рабілі сваю працу і заміналі расейскай вайсковай тэхніцы ехаць ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля інцыдэнтаў на чыгунцы зацьвердзілі парадак, як інфармаваць аб пагрозах нападаў на транспартную інфраструктуру

Я думаю, калі б Лукашэнка памятаў пра гэтую частку нашай культуры, ён бы канструяваў беларускую дзяржаўнасьць інакш, і павагі да нас і нашых інтарэсаў у яго было б куды больш. Вядома ж, я ня ведаю, ці дастануць калісьці беларусы свае ўмоўныя сякеры масава, і спадзяюся, што яны будуць менавіта ўмоўнымі і што зьмены ў краіне адбудуцца безь вялікага кровапраліцьця. Але пра што менавіта думае Лукашэнка, калі кажа пра філязофію нашай культуры? Ён успамінае лубачныя карцінкі з прапагандысцкіх перадач і застарэлыя тэксты пра ўнікальную беларускую памяркоўнасьць? Угаворвае і нас, і самога сябе ў тым, што мы ні на што ня здольныя?

Неяк гэта недальнабачна.

І бог зь ёй, зь сякерай. Памятаеце, як на берасьцейскай сустрэчы абʼяднанага штабу перад выбарамі ў 2020 годзе выглядала так, быццам людзі, як тыя партызаны, выйшлі зь лесу? Як сабралася каля 20 000 чалавек на антылукашэнкаўскі па сутнасьці мітынг у 300-тысячным горадзе? А як пасьля выбараў вуліцы былі запоўненыя бел-чырвона-белымі сьцягамі? Відаць, побач зь сякерай пад лавай усе гэтыя гады ляжаў сьцяг.

А Лукашэнка гаворыць і робіць так, быццам бы гэтай часткі культуры няма і ніколі не было.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.