Ужо сёньня: дзень народзінаў Антона Шукелойця

Антон Шукелойць выступае падчас 29-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, 2010

Падзеі 19 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 ліпеня 1915 году нарадзіўся Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмяне першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету.

Падчас нацысцкай акупацыі Шукелойць працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю. З 1944 году жыў у эміграцыі. Быў актыўным удзельнікам жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Памёр 7 студзеня 2017 году.

Антон Шукелойць, Натальля Арсеньнева і Яніна Каханоўская, Нью-Ёрк, 1963

Таксама ў гэты дзень

1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» быў арыштаваны беларускі пісьменьнік і фальклярыст, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня Максім Гарэцкі.

Максім Гарэцкі

1972 Пісьменьнікам Івану Мележу і Івану Шамякіну далі ганаровыя званьні Народных пісьменьнікаў Беларусі.

Іван Мележ і Іван Шамякін. 1958

1988 — у Віцебску пабудавалі летні амфітэатар. Ён быў патрэбны для папулярнага Фэстывалю польскай песьні, які ў тыя часы праводзіўся ў Віцебску — горадзе-пабраціме польскай Зялёнай Гуры. Цяпер у ім штогод праводзяць міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар».

Летні амфітэатар у Віцебску

1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.

2024 — з 8:00 пачынае дзейнічаць бязьвізавы рэжым ўезду у Беларусь праз наземныя пункты пропуску для грамадзян 35 эўрапейскіх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іншаземцы, якія прыедуць у Беларусь па бязьвізе, павінны зарэгістравацца ў МУС

У гэты дзень нарадзіліся

1869 Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі архітэктар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі – стаіць першы зьлева

1893Уладзімір Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.

Уладзімір Маякоўскі

1909 — пад Баранавічамі нарадзіўся Сяргей Грыцавец, савецкі лётчык-зьнішчальнік 1930-х гадоў.

1912 — Аляксей Анішчык, беларускі пісьменьнік, мэмуарыст, грамадзкі дзяяч.

У памяці

1374Франчэска Петрарка, італьянскі паэт.

Франчэска Пэтрарка

1855 Тамаш Зан, беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху.

Тамаш Зан, партрэт пяра Валенція Ваньковіча

1943 — у ГУЛАГу загінуў Сяргей Дарожны, беларускі паэт і перакладчык, грамадзкі і культурны дзяяч, сябра літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша».