Справу аб забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве перадалі ў суд, працэс будзе закрытым

Архіўнае фота. Падчас пахаваньня беларускі Лізаветы ў Варшаве

Польская пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да Дарыяна С., якога абвінавачваюць у забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве ў лютым 2024 году.

Ягоныя дзеяньні кваліфікавалі як забойства, спалучанае са згвалтаваньнем і рабаваньнем «з ужываньнем небясьпечнага прадмету», распавёў «Белсату» gрэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Антоні Скіба.

Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

«З улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. Вырак можа быць агучаны публічна, але ў публічнай частцы абвесьцяць толькі прадмет справы, прызнаньне падазраванага вінаватым ці невінаватым і прысуджанае пакараньне», — гаворыцца ў матэрыяле.

7 жніўня стала вядома, што па выніках экспэртнага заключэньня ад псыхіятраў, псыхоляга і сэксоляга ў абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве не знайшлі псыхічных адхіленьняў, таму яго будуць судзіць.

  • На 25-гадовую Лізавету напалі ў Варшаве ўначы 25 лютага, нападнік згвалтаваў і пабіў дзяўчыну. Празь некалькі дзён яна памерла ў шпіталі. На яе пахаваньне сабралася некалькі соцень чалавек.
  • Трагедыя выклікала вялікі грамадзкі рэзананс як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы. Некалькі тысяч чалавек 6 сакавіка прынялі ўдзел у вулічнай акцыі памяці загінулай у Варшаве.
  • Першапачаткова падазраванага 23-гадовага Дарыяна С. абвінавацілі ў замаху на забойства, спалучаным са згвалтаваньнем і рабаваньнем. Пазьней пракуратура перакваліфікавала абвінавачаньне на забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбыўся марш у памяць беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля згвалтаваньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаем, хто такая Ліза, як ня ведаем тысячаў імёнаў ахвяраў». Гарбунова пра #хопіцьгвалціць і цану Прэміі за адвагу Дзярждэпартамэнту