34 мільярды рублёў. Як павялічваецца падатковая нагрузка на беларусаў

Ілюстрацыйнае фота

У наступным годзе дзяржава заплянавала на 17% больш падатковых даходаў у бюджэт. Расказваем, якія падаткі хочуць павялічыць і навошта.

Згодна з праектам бюджэту на наступны год, улады плянуюць сабраць падаткаў на 34 мільярды 479 мільёнаў рублёў. Гэта на 17% больш, чым было сёлета.

Плянуецца рост падаткаў на прыбытак, на даданую вартасьць і рост акцызаў. Улады спадзяюцца таксама на рост замежнага гандлю. Пляны ў падатках па гэтым кірунку — звыш 8 мільярдаў рублёў, ці на 11,8% больш, чым сёлета.

Таксама ў плянах сабраць штрафаў на 243,7 мільёна рублёў, што на 14,6% больш, чым у 2024 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьбіраюцца падвысіць падатак на ўладальнікаў сабак

Новыя падаткі і павышэньне ўжо існых

На фоне чаканьняў павышэньня падатковых паступленьняў у бюджэт уводзяцца новыя падаткі, а таксама растуць стаўкі па старых.

З 2025 году некаторым беларусам давядзецца плаціць так званы «падатак на багацьце». Яго ўвялі сёлета, але аплата будзе з наступнага году па выніках гэтага. Калі даход чалавека перавышае 200 000 рублёў за год (больш за 16 667 рублёў за месяц), то стаўка па падатку будзе 25% замест цяперашніх 13% з сумы перавышэньня.

Пакуль гаворка вядзецца пра тры віды даходаў:

  • Даходы з дывідэндаў
  • Даходы паводле працоўных дамоваў (заробак)
  • Даходы паводле грамадзянска-прававых дамовах (дамовы падраду)

Цяпер чыноўнікі думаюць над тым, каб павялічыць парогавую суму, пасьля перавышэньня якой налічваецца гэты падатак. Яе хочуць павялічыць з 200 тысяч да 220 тысяч рублёў. Аднак зьмены пакуль не прынятыя.

Таксама налета ўлады Беларусі плянуюць падняць падатак на першую кватэру. Гэта прадугледжана праектам зьменаў у Падатковы кодэкс. За 2024 год падатак на двухпакаёўку ў Менску быў 48 рублёў. Калі зьмены прымуць, ён вырасьце прыкладна да 51 рубля.

З 1 сакавіка наступнага году самазанятыя, рамесьнікі і ўладальнікі аграсядзібаў пачнуць плаціць унёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта 29% ад самастойна вызначанага даходу, але штомесячны прыбытак пры гэтым мусіць быць ня меншым, чым мінімальны заробак (626 рублёў). Раней гэтыя катэгорыі маглі добраахвотна рабіць унёскі ў фонд, з наступнага ж году гэта стане абавязкам. Такім чынам, зь мінімальнага заробку штомесячны плацеж складзе 181 рубель 64 капейкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту на наступны год, у ім прадугледжаны рост выдаткаў на абарону і сілавікоў

«Павялічваюцца расходы, таму мусяць павышаць даходы»

Старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна адзначае, што растуць расходы бюджэту, у тым ліку выдаткі на войска і сілавікоў.

«Расходы бюджэту будуць большыя на 4 мільярды рублёў. У наступным годзе вырастуць расходы на абарону, трэба дадаткова ўліваць грошы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва», — прыводзіць прыклад эканамістка.

Расходы на абарону налета плянуюць падняць на 32%, у параўнаньні зь сёлетнім бюджэтам — да 4,7 мільярда рублёў. Расходы на работу судоў і сілавых органаў падымуць на 14%, да 5,3 мільярда рублёў.

Паводле Анастасіі Лузгіной, павышэньне падатковай нагрузкі заўважыць буйны бізнэс, самазанятыя, рамесьнікі, уладальнікі аграсядзібаў.

«Дадатковыя выплаты для самазанятых — 29% ад даходу — гэта істотная выплата. Павышэньне падатку на кватэру, магчыма, заўважаць ня ўсе. А калі чалавек працуе ў нейкай кампаніі паводле найму, для яго, магчыма, павышэньне падаткаў будзе ня моцна адчувальным. Павялічэньне падаткаў адчуюць людзі, якія пачынаюць свой бізнэс», — кажа суразмоўца.

Анастасія Лузгіна таксама зазначае, што колькасьць ІП у апошнія гады зьніжаецца, а падатковыя выплаты для іх растуць. Гэта значыць, што падатковая нагрузка на аднаго такога прадпрымальніка ўвесь час павялічваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частку дэфіцыту бюджэту Беларусі на 2025 год прафінансуюць за кошт расейскага крэдыту