У Віцебску памёр актывіст, якога год таму пабілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня

Аляксей Тамілаў, архіўнае фота

7 кастрычніка памёр віцебскі актывіст Аляксей Тамілаў, якога летась моцна пабілі ў ІЧУ.

Паводле правабаронцаў «Вясны», у сакавіку 2023 году Аляксей Тамілаў пасьля біцьця трапіў у рэанімацыю з пнэўматораксам, паламанымі рэбрамі і пераломам калена. Пасьля нанесеных траўмаў здароўе Аляксея да канца не аднавілася. Сябры актывіста кажуць, што прычынай сьмерці стаў інсульт.

Аляксею Тамілаву было 52 гады, ён працаваў аўтасьлесарам, вызначаўся актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, неабыякавасьцю да жыцьця ў сваім горадзе. 9 кастрычніка 2020 году Аляксея аштрафаваў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску за ўдзел у шэсьці пратэсту пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта. У 2023 годзе Аляксея Тамілава зноў затрымлівалі.

Віцебскі актывіст Ян Дзяржаўцаў успомніў у інтэрвію Свабодзе, як летась у сакавіку знаходзіўся ў адной камэры з Аляксеем Тамілавым у віцебскім ІЧУ.

«Ён тады расказваў, што яго затрымалі за прагляд так званых «экстрэмісцкіх’’ каналаў. Калі не памыляюся, гэта здарылася 23 сакавіка 2023 году. Раніцой нас вывелі ахоўнікі ў калідор на паверку, а Аляксею загадалі застацца. У камэру ўварваліся некалькі катаў-ахоўнікаў, і мы, стоячы ў калідоры, чулі, як яны білі яго дручкамі, а магчыма, і нечым яшчэ. Аляксей спачатку моцна крычаў, а потым толькі стагнаў.

Біцьцё працягвалася некалькі хвілін; калі мы зайшлі ў камэру Аляксей ляжаў, стагнаў і ня мог гаварыць. Сярод нас быў лекар, які яго агледзеў і сказаў, што ў яго зламаныя рэбры і каленная рэпка і пашкоджаная галава. Мы пачалі грукаць у дзьверы і казаць, каб выклікалі доктара і аказалі мэдычную дапамогу Аляксею. Прыйшлі ахоўнікі і выцягнулі Аляксея ў калідор, больш яго мы ня бачылі. Празь некаторы час я даведаўся, што ён трапіў у рэанімацыю», — паведаміў Ян Дзяржаўцаў пра выпадак з Аляксеем Тамілавым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая палітзьняволеная расказала пра катаваньні жанчын ў беларускіх вязьніцах: на Акрэсьціна, у СІЗА, у калёніі 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: У Беларусі назіраецца рост палітычных рэпрэсій