Расея ўдарыла па Харкаве авіябомбамі. Больш як 20 чалавек пацярпелі, сярод іх дзеці

Мужчына ў сваёй разбомбленай кватэры ў Харкаве

Расейскія вайскоўцы ўвечары 21 верасьня нанесьлі ўдар авіяцыйнымі бомбамі па Харкаве і прыгарадзе. Параненыя больш за 20 чалавек, сярод іх дзеці, паведамляюць мясцовыя ўлады.

Адзін з боепрыпасаў упаў каля пад’езда жылога шматпавярховага дома, адтуль эвакуявалі 68 чалавек.

Паводле кіраўніка абласной адміністрацыі Алега Сінягубава, паранены 21 чалавек, сярод іх двое 17-гадовых падлеткаў і васьмігадовае дзіця. Шпіталізаваныя восем чалавек, двое — у цяжкім стане.

У выніку ўдараў разбураныя два шматкватэрныя дамы, яшчэ сем дамоў пашкоджаныя.

У ноч на нядзелю расейская армія атакавала Нікапаль. Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў, што беспілётнік-камікадзэ зьбіў аўтамабіль, у якім знаходзіліся людзі. Загінулі жанчына і 12-гадовая дзяўчынка. Мужчыну і чатырохгадовую дзяўчынку даставілі ў шпіталь, стан дзіцяці цяжкі.

Паветраныя сілы ВСУ паведамілі, што ўначы 22 верасьня армія РФ выпусціла па тэрыторыі Ўкраіны 80 «Шахедаў» і дзьве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69. Сілы СПА, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, зьбілі 71 дрон.

  • Раней расейскія вайскоўцы ўдарылі па Крывым Рогу ў Днепрапятроўскай вобласьці, загінулі тры чалавекі: дзьве жанчыны 75 і 79 гадоў і 12-гадовы хлопчык. Яшчэ тры чалавекі параненыя, паведамілі мясцовыя ўлады.
  • Расея абстрэльвае Ўкраіну штодня. Міністэрства абароны Расеі цьвердзіць, што наносіць удары выключна ў ваенных мэтах. Ахвяры сярод мірнага насельніцтва і разбурэньне цывільнай інфраструктуры Масква не камэнтуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў дазволіць Украіне ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі