Мастака Аляксея Кузьміча затрымалі ў Францыі і завялі на яго крымінальную справу за вандалізм

Аляксей Кузьміч, архіўнае фота

Прычынай арышту стаў пэрформанс, у час якога Кузьміч намаляваў на помніку чэлес.

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч, якога нядаўна арыштавалі ў Францыі за пэрформанс на магіле Вінцэнта Ван Гога, але пасьля вызвалілі, зрабіў новую акцыю ў Парыжы, якую назваў Insemination («Асемяненьне»). 23 верасьня акцыяніста арыштавала француская паліцыя.

20 верасьня ад пэрформансу мастака пацярпела Вандомская калёна на аднайменнай плошчы ў цэнтры Парыжу, якую Кузьміч вобразна «ператварыў» у вялікі полавы орган мужчыны.

Паводле паведамленьня, якое зьявілася на старонцы Кузьміча ў Facebook, яму інкрымінуюць вандалізм у адносінах да помніка архітэктуры, які прадстаўляе культурны здабытак Францыі. Гэта крымінальны артыкул.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі мастак-акцыяніст Кузьміч, якога абавязалі пакінуць Францыю, зладзіў у Парыжы новы пэрформанс
  • 29 ліпеня Аляксей Кузьміч, вядомы сваімі палітычнымі пэрформансамі, зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван Гога ў 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака. Ён апрануў белы гарнітур, нанёс на твар белы грым, прыйшоў на могілкі з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога. Кузьміч назваў сваю акцыю Renaissance і абгрунтаваў яе тым, што «невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі».
  • 2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжу) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. эўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 6 жніўня суд пакінуў Кузьміча ў СІЗА на 26 дзён. Мастак заявіў, што яго ўтрыманьне пад вартай не абгрунтаванае, што ягоныя правы парушаюцца, і абвясьціў галадоўку.
  • 14 жніўня Мэлюнскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэньне аб дэпартацыі Аляксея Кузьміча ў Беларусь.
  • 21 жніўня стала вядома, што Аляксей Кузьміч скончыў галадоўку ў ізалятары ў Францыі і выйшаў на волю. Улады Францыі абавязалі яго пакінуць краіну, аднак забарону на знаходжаньне ў Францыі зьнялі. Сам мастак заявіў, што ён зьлятае ў Польшчу, а пасьля вернецца ў Францыю.
  • У лютым 2024 году Кузьміч быў эвакуаваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. Як мяркуецца, на яго заведзеная крымінальная справа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Навошта беларус хацеў раскапаць магілу ван Гога і ў чым сэнс такога мастацтва