ААН: з сакавіка 2023 году 10 украінскіх вайскоўцаў і адзін мэдык загінулі ў расейскім палоне

Акцыя ў памяць аб загінулых воінах у Дзень абаронцаў Украіны. Кіеў, 1 кастрычніка 2024 году

Упраўленьне Высокага камісара ААН у правах чалавека (УВКПЧ) задакумэнтавала з сакавіка 2023 году гібель дзесяці ўкраінскіх вайскоўцаў і аднаго мэдыка (усе мужчыны) у расейскім палоне з прычыны катаваньняў, дрэнных умоваў або неналежнага мэдычнага догляду.

Пра гэта гаворыцца ў абноўленай справаздачы міжнароднай арганізацыі, якую дапоўнілі зьвесткамі па 31 жніўня 2024 году.

У дакумэнце сказана, што інцыдэнты адбыліся ў дзевяці розных рэгіёнах Расеі і на акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны. Таксама адзначаецца, што вядома пра спробы самагубства ў палоне, пры гэтым адна зь іх выкліканая шматразовымі катаваньнямі.

Паводле зьвестак УВКПЧ, 169 з 174 украінскіх ваеннапалонных, апытаных з сакавіка 2023 году, расказалі пра жорсткае пабіцьцё, удары электрычным токам, сэксуальны гвалт, удушэньні, а таксама інсцэнізацыю пакараньняў сьмерцю, пазбаўленьне сну і празьмерныя фізычныя нагрузкі. Зь іхных словаў, часам катаваньні спынялі, калі месцы зьняволеньня наведвалі службовыя асобы.

Ва УКВПЧ адзначылі, што грамадзкія дзеячы ў Расеі «адкрыта заклікалі да бесчалавечнага абыходжаньня і нават пакараньня сьмерцю ўкраінскіх ваеннапалонных, часта выкарыстоўваючы дэгуманізацыйныя выразы ў публічным дыскурсе і празь дзяржаўныя СМІ». Арганізацыя лічыць, што адмова незалежным назіральнікам у доступе да месцаў зьняволеньня ваеннапалонных «спрыяе стварэньню атмасфэры беспакаранасьці за сыстэматычныя катаваньні і жорсткае абыходжаньне».

Што да расейскіх ваеннапалонных ва Ўкраіне, дык з 205 апытаных УВКПЧ з сакавіка 2023 году пра катаваньні заявілі 104 чалавекі. Паводле зьвестак аўтараў дакладу, жорсткаму абыходжаньню з боку ўкраінскіх уладаў вайскоўцы РФ паддаваліся «на пачатковых этапах знаходжаньня ў палоне».

«Аднак амаль ува ўсіх выпадках катаваньні і жорсткае абыходжаньне спыняліся, калі зьняволеныя прыбывалі ў месцы ўтрыманьня, дзе ўмовы ў цэлым адпавядалі міжнародным стандартам», — сказана ў справаздачы.

Таксама ў дакумэнце ўказана, што гэтым летам ва Ўкраіне ахвяраў сярод мірнага насельніцтва пабольшала на 45% у параўнаньні зь вясной 2024 году: загінулі 589 чалавек, у іх ліку 324 мужчыны, 238 жанчын і 27 дзяцей. Параненыя 2685 цывільных, у іх ліку 177 дзяцей.

УВКПЧ назвала ліпень 2024-га «самым сьмяротным месяцам для цывільнага насельніцтва Ўкраіны з кастрычніка 2022 году». Асноўнай прычынай гэтага, паводле зьвестак праваабаронцаў, стала «буйнамаштабная скаардынаваная атака з выкарыстаньнем дзясяткаў ракет, выпушчаных Расеяй па цэлях на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны» 8 ліпеня. Ідзецца пра канцэнтраваны ўдар расейскай арміі па ўкраінскіх гарадах, калі адна з крылатых ракет трапіла ў будынак дзіцячай лякарні «Ахматдзет» у Кіеве. У выніку таго нападу загінулі двое мірных жыхароў, 34 чалавекі атрымалі раненьні, у тым ліку дзевяць дзяцей. Пасьля здарэньня Рада Бясьпекі ААН склікала тэрміновае пасяджэньне.

Акрамя таго, у дакладзе сказана, што летам расейскія вайскоўцы працягнулі сытэматычныя атакі на энэргэтычную інфраструктуру Ўкраіны і за гэты пэрыяд нанесьлі прынамсі чатыры буйныя ўдары, у кожны зь якіх былі залучаныя дзясяткі ракет і дроны-камікадзэ.

УВКПЧ таксама задакумэнтавала выпадкі затрыманьняў, катаваньняў і жорсткага абыходжаньня на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны. Як сказана, там надалей фіксуюцца спробы расейскіх акупацыйных уладаў «навязаць жыхарам грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі, а таксама захапіць зямлю і прыватную ўласнасьць, што разам з дэпартацыяй цывільных асобаў ёсьць яўным парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права».

Раней незалежная міжнародная камісія ААН для расьсьледаваньня парушэньняў ва Ўкраіне падала доказы катаваньняў расейскімі ўладамі ўкраінскіх мірных жыхароў і ваеннапалонных на акупаваных украінскіх тэрыторыях і ў Расеі.

Масква адмаўляе абвінавачаньні ў катаваньнях і іншым жорсткім абыходжаньні з ваеннапалоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зьвярнулася ў ААН і Чырвоны Крыж з нагоды чарговай публічнай расправы расейцаў над украінскім палонным
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь вывезьлі 115 расейскіх вайскоўцаў, узятых у палон у Курскай вобласьці