Сейм Літвы пастанавіў дэнансаваць дамову зь Беларусьсю аб заахвочваньні і абароне інвэстыцыяў

Паседжаньне ў Сейме Літвы. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

1 кастрычніка Сейм Літвы пастанавіў дэнансаваць дамову зь Беларусьсю аб заахвочваньні і абароне інвэстыцыяў, прыняўшы адпаведны закон, паведамляе прэс-служба літоўскага парлямэнту.

Дэпутаты падтрымалі дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб заахвочваньні і абароне інвэстыцыяў, падпісанага ў 1999 годзе.

Літва разрывае і з Расеяй аналягічнае пагадненьне, а таксама пагадненьне аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня.

Рашэньне дэнансаваць дамовы абгрунтаванае «беспрэцэдэнтнай ваеннай агрэсіяй Расеі і яе саўдзельніка Беларусі супраць Украіны і грубым парушэньнем міжнароднага права». У прэс-рэлізе таксама адзначаецца, што на практыцы «трансьмежавае эканамічнае супрацоўніцтва зь дзяржавамі-агрэсарамі цалкам прыпыненае і немагчымае».

Скасаваньне кантрактаў набудзе моц праз 12 месяцаў з дня атрыманьня паведамленьня ўрадамі Беларусі і Расеі, якія апавясьцяць дыпляматычнымі каналамі. Інвэстыцыі, ажыцьцёўленыя да заканчэньня кантрактаў, будуць абароненыя яшчэ 10 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы прапанаваў Сейму дэнансаваць пагадненьне зь Беларусьсю аб заахвочваньні і абароне інвэстыцый
  • 16 верасьня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм прапанову аб дэнансацыі трох названых дамоваў з Расеяй і Беларусьсю.
  • 24 верасьня Сейм Літвы ўхваліў дэнансацыю гэтых дамоваў у першым чытаньні.
  • 25 верасьня стала вядома, што ўрад Літвы ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты актаў дэнансацыі пагадненьняў аб мытнай супрацы зь Беларусьсю і Расеяй.