Іран запусьціў ракеты па Ізраілі, па ўсёй краіне абвясьцілі паветраную трывогу

Іранскія вайсковыя вучэньні, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) увечары 1 кастрычніка паведаміла, што Іран запусьціў ракеты ў бок Ізраілю.

На тэрыторыі ўсёй краіны абвешчаная паветраная трывога, гучаць сырэны. Армія абароны Ізраілю заклікала ўсіх жыхароў прайсьці ў сховішчы і заставацца там да далейшых паведамленьняў.

Паведамляецца пра выбухі ў цэнтры, на поўдні і ўсходзе Ізраілю. «Выбухі, якія вы чуеце, выкліканыя перахопамі або падзеньнем снарадаў», — патлумачылі ў ЦАХАЛ. Гукі працы сыстэм СПА было чуваць у Іерусаліме, Тэль-Авіве, Ашкелоне і іншых гарадах.

Іранская дзяржаўная тэлевізія перадала заяву Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, у якой гаворыцца, што ў бок Ізраіля запусьцілі «дзясяткі ракет». Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі таксама папярэдзіў, што Тэгеран распачне новую атаку, калі Ізраіль вырашыцца на адказ.

Паводле зьвестак ізраільскага вайсковага радыё, агулам Іран запусьціў па Ізраілі каля 200 ракет. ЦАХАЛ пасьля ўдакладніў, што ў бок Ізраілю запусьцілі прыкладна 180 ракет. Большую іх частку, як сьцьвярджаецца, перахапілі ізраільскія сілы сумесна ў супрацоўніцтве з камандаваньнем ЗША.

Прыкладна праз гадзіну пасьля пачатку атакі Армія абароны Ізраілю распаўсюдзіла паведамленьне аб завяршэньні ракетнага нападу. «Па выніках ацэнкі сытуацыі прынята рашэньне дазволіць жыхарам пакінуць абароненыя сховішчы на ўсіх тэрыторыях краіны», — адзначылі ў ізраільскім камандаваньні.

Пра пацярпелых у выніку ракетнага нападу пакуль не паведамлялі.

Крыху раней 1 кастрычніка высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША паведаміў цэнтральнай службе Радыё Свабода, што Іран рыхтуецца «найбліжэйшым часам» запусьціць балістычныя ракеты па Ізраілі і папярэдзіў аб «сур’ёзных наступствах», калі гэта адбудзецца.

Амэрыканскі чыноўнік, які гаварыў на ўмовах ананімнасьці, сказаў, што Вашынгтон актыўна падтрымлівае дзеяньні, якія дапамогуць абараніць Ізраіль ад гэтага ўдару. Караблі і самалёты ЗША разьмешчаныя ў рэгіёне, каб дапамагчы Ізраілю ў выпадку нападу. Прамы ваенны напад на Ізраіль будзе мець сур’ёзныя наступствы для Тэгерана, падкрэсьлілі ў амэрыканскай адміністрацыі.

Міністар абароны Ізраіля Ёаў Галант размаўляў зь міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам, каб абмеркаваць пагрозу нападу з боку Ірану, гаворыцца ў заяве міністэрства абароны Ізраіля. Яны абмеркавалі «апэратыўную гатоўнасьць Ізраіля абараняць сваіх грамадзян і ваенныя актывы, а таксама пазыцыю сіл ЗША ў рэгіёне», гаворыцца ў заяве.

Іранскія мэдыя да гэтага часу не паведамлялі пра «непазбежны напад» на Ізраіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль пачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю ў Лібане
  • У ноч на 1 кастрычніка Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) аб’явіла аб пачатку «абмежаваных наземных рэйдаў на аснове дакладнай выведнай інфармацыі» супраць аб’ектаў і інфраструктуры групоўкі «Хезбала» на поўдні Лібану. Шэраг СМІ перадалі, што ізраільскія танкі ўвайшлі на лібанскую тэрыторыю. Вайскоўцы рэкамэндавалі эвакуяавацца жыхарам амаль двух дзясяткаў лібанскіх абшчын.
  • Сухапутнай апэрацыі Ізраілю папярэднічалі масіраваныя паветраныя ўдары ізраільскага войска па аб’ектах на тэрыторыі Лібану. Падчас рэйдаў былі забітыя некалькі чальцоў «Хезбалы», у тым ліку лідэр групоўкі Хасан Насрала. Улады Лібану заявілі, што ў выніку ўдараў загінулі таксама сотні мірных жыхароў.
  • «Хезбала» ў сваю чаргу вяла рэгулярныя ракетныя абстрэлы Ізраіля, у выніку якіх дзясяткі тысячы ізраільцян былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
  • «Хезбала» зьяўляецца як узброенай групай, так і палітычнай партыяй, якая кантралюе большую частку раёнаў з шыіцкім насельніцтвам на поўдні Лібану. ЗША прызналі «Хезбалу» тэрарыстычнай арганізацыяй, Эўразьвяз прызнаў такой толькі яе ваенізаванае крыло, але не палітычную партыю. Партыя «Хезбала» прадстаўлена ў лібанскім парлямэнце.