«Самы масавы вядомы выпадак». Украіна расьсьледуе імаверны расстрэл 16 украінскіх палонных вайскоўцамі РФ

Украінскія праваахоўнікі расьсьледуюць імаверны расстрэл расейскімі вайскоўцамі палонных вайскоўцаў Узброеных сіл Ўкраіны ў Данецкай вобласьці, паведамляе офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

Дасудовае расьсьледаваньне парушэньня законаў і звычаяў вайны, злучанага з наўмысным забойствам, праводзіць галоўнае упраўленьне СБУ ў Данецкай і Луганскай вобласьцях.

Відэа, на якім, як мяркуецца, зафіксаваны расстрэл 16 украінскіх ваеннапалонных у раёне пасёлкаў Мікалаеўка і Сухі Яр Пакроўскага раёну Данецкай вобласьці, зьявілася ў тэлеграм-каналах 1 кастрычніка:

«На апублікаваным відэа зафіксавана, як пад кантролем ворага вайскоўцы УСУ, узятыя ў палон, выйшлі зь лесапасадкі. Пасьля таго як яны сталі ў шэраг, акупанты наўмысна адкрылі па іх агонь на паражэньне. Параненых, якія падавалі прыкметы жыцьця, дабілі ва ўпор аўтаматнай чаргой», — гаворыцца ў паведамленьні офісу генэральнага пракурора Ўкраіны.

Пракуратура зазначае, што такія дзеяньні парушаюць Жэнэўскія канвэнцыі і кваліфікуюцца як цяжкае міжнароднае злачынства. Гэта самы масавы вядомы выпадак пакараньня сьмерцю ўкраінскіх палонных на лініі фронту, адзначае офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

«І гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што забойствы і катаваньні палонных — не выпадковасьць, а мэтанакіраваная палітыка расейскага вайсковага й палітычнага кіраўніцтва», — гаворыцца ў камэнтары ўкраінскага генэральнага пракурора Андрэя Косьціна.

Цяпер ідзе праверка апублікаванага матэрыялу, праваахоўнікі пачалі «сьледчыя і вышуковыя дзеяньні, накіраваныя на вызначэньне ўсіх акалічнасьцяў згаданага злачынства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зьвярнулася ў ААН і Чырвоны Крыж з нагоды чарговай публічнай расправы расейцаў над украінскім палонным
  • У пачатку 2024 году ва Ўкраіне расьсьледавалі 19 крымінальных справаў па фактах забойства 45 украінскіх ваеннапалонных. Раней зафіксавалі і пацьвердзілі факты расстрэлу і абезгалоўліваньня бяззбройных украінскіх палонных.
  • Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека ва Ўкраіне 26 сакавіка прадставіла справаздачу, у якой, сярод іншага, зафіксавала забойствы сама меней 32 украінскіх ваеннапалонных у 12 асобных выпадках у пэрыяд са сьнежня 2023 па люты 2024 году, што «значна больш, чым за кожны з папярэдніх пэрыядаў».
  • Неўзабаве пасьля публікацыі справаздачы стала вядома пра расстрэл расейскімі вайскоўцамі трох украінскіх палонных у Крынках Херсонскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Устаўлялі іголкі ў раны, абмяжоўвалі ў вадзе, пагражалі расстрэлам». Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы расказалі пра катаваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Данбасе заявілі пра гібель 53 украінскіх палонных ад артылерыйскага ўдару. У Кіеве гэта назвалі «чарговай Катыньню» з боку Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалі праверку відэа з адразаньнем галавы ўкраінцу, у Кіеве заявілі, што ўжо ведаюць, хто гэта рабіў