«Адносіны паміж Літвой і Беларусьсю такія, што псаваць ужо няма куды», — літоўскі экспэрт Пукшта

Памежны слуп на літоўскім баку беларуска-літоўскай мяжы, архіўнае фота.

Дацэнт Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага Анджэй Пукшта аналізуе стан беларуска-літоўскіх адносінаў на фоне пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі і тлумачыць, чаму літоўскія ўлады вымушаныя ўзмацняць кантроль за тымі, хто прыяжджае зь Беларусі.

Сьцісла:

  • Літва пастаянна і пасьлядоўна прытрымліваецца жорсткай пазыцыі адносна ўраду Лукашэнкі.
  • Літва ў дачыненьнях зь Беларусьсю і Расеяй займае прадэмакратычную, праўкраінскую пазыцыю.
  • Літва, відавочна, паінфармавала сваіх партнэраў у Эўразьвязе аб падачы дакумэнтаў у Гаагу супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • Ніколі яшчэ краіны Эўразьвязу і NATO не былі такімі згуртаванымі ў кантэксьце Ўкраіны, Расеі і Беларусі.
  • Літоўская дзяржава, як і кожная іншая, мае абмежаваныя магчымасьці кантролю над тымі, хто прыяжджае зь Беларусі.

— Некалькі дзён таму міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў апублікаваў камэнтар у дзяржаўнай газэце «Беларусь сегодня», дзе заявіў, што афіцыйны Менск гатовы да аднаўленьня кантактаў зь Літвой «па лініі памежных, спэцыяльных службаў, міністэрстваў і іншых ведамстваў». «У нашых інтарэсах — аднаўленьне нармальных пасажырскіх і грузавых зносін, транзыту грузаў, уключаючы такія важныя гуманітарныя пазыцыі, як прадукты харчаваньня, мэдыкамэнты і ўгнаеньні», — падкрэсьліў Максім Рыжанкоў. Як у Літве ўспрынялі гэтую заяву і які адказ дала афіцыйная Вільня?

— Ніякага «землятрусу» ад гэтай заявы Рыжанкова не адбылося, надта вялікай рэакцыі і дыскусіі яна ня выклікала. Пазыцыя Літвы застаецца пасьлядоўнай пасьля жніўня 2020 году, калі ў Літву прыехала і пачала дзейнічаць Сьвятлана Ціханоўская. З восені 2020 году Літва пастаянна і пасьлядоўна прытрымліваецца жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Літва паставіла на падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, і з таго часу мала што стратэгічна зьмянілася.

Міністар замежных спраў Беларусі, я думаю, зрабіў гэтую заяву больш для ўнутранай аўдыторыі — маўляў, вось якія мы добразычлівыя (сам Лукашэнка любіць падкрэсьліваць, які ён добразычлівы да ўсіх суседзяў).

Частка літоўскіх палітыкаў зьвязала гэтыя заявы Рыжанкова з надыходзячымі парлямэнцкімі выбарамі ў Літве, таму што ў выбарчай кампаніі ёсьць некалькі крайніх сілаў, якія наўрад ці ўвойдуць у парлямэнт, а калі нават і ўвойдуць мінімальна, то ня будуць мець уплыву на фармаваньне новага ўраду.

Так што, думаю, палітыка Літвы ў адносінах да Лукашэнкі не памяняецца і пасьля выбараў. Заява Рыжанкова накіраваная толькі на адно: «закінем вуду, паглядзім на рэакцыю». Я думаю, і сам міністар замежных справаў Беларусі занадта шмат не чакаў.

— У сваіх камэнтарах на заяву Рыжанкова некаторыя літоўскія палітыкі адзначалі каштоўнасныя пытаньні: Беларусь працягвае быць саюзьніцай Расеі ў вайне, Беларусь працягвае парушаць правы чалавека і гэтак далей.

— Так, нічога ж не зьмянілася за апошні час. Калі б Лукашэнка, напрыклад, вызваліў большасьць палітвязьняў ці памяняў стаўленьне да вайны Расеі супраць Украіны. Але нічога з гэтага не адбылося.

— Так супала (гэтае рашэньне рыхтавалася даўно), што літаральна празь некалькі дзён пасьля заявы Рыжанкова Літоўская Рэспубліка накіравала ў Міжнародны крымінальны суд зварот з просьбай расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ўладамі Рэспублікі Беларусь. Ці не асьцерагаюцца літоўскія палітыкі, што ў выніку гэтага кроку адносіны паміж афіцыйным Менскам і Вільняй яшчэ больш сапсуюцца?

— Я думаю, псаваць яшчэ больш ужо няма куды. На сёньня гэтыя адносіны фактычна замарожаныя. Літва ў дачыненьнях зь Беларусьсю і Расеяй займае самую прадэмакратычную, самую праўкраінскую пазыцыю, у гэтым Літва бачыць сваю місію.

Літва не хавала, што рыхтуе дакумэнты, што будзе ставіць гэтае пытаньне ў Міжнародным крымінальным судзе. Так што гэта не магло быць нейкім вялікім сюрпрызам.

А накошт пагаршэньня адносін, то і так ужо нармальных адносінаў няма. Хіба што дачакаемся нейкіх новых пагрозаў ад Лукашэнкі ў ягоных прамовах, але я ня думаю, што гэта нешта зьменіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Латушка пра пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд: Цягнік з Лукашэнкам едзе ў Гаагу

— Але менскі рэжым зараз робіць пэўныя рэвэрансы ў бок Польшчы, магчыма, адбудзецца вызваленьне Анджэя Пачобута, самага важнага для Польшчы палітвязьня, паколькі ён актывіст польскай меншасьці ў Беларусі. Адносіны з Варшавай у Менску могуць палепшыцца, і ўлады Беларусі могуць, напрыклад, перанакіраваць мігранцкую плынь з польскай мяжы на літоўскую?

— Я думаю, тут трэба разглядаць Польшчу і Літву разам як сяброў Эўразьвязу і NATO. Каардынацыя дзеяньняў паміж суседзямі Беларусі і нават Нямеччынай адбываецца на самым высокім узроўні. Я думаю, што Літва паінфармавала сваіх партнэраў у Эўразьвязе аб падачы дакумэнтаў у Гаагу. Гэта не было выключна нашай самадзейнасьцю — учора прыдумалі, сёньня абвесьцілі.

Ніколі яшчэ ўсе краіны Эўразьвязу і NATO не былі настолькі згуртаваныя ў кантэксьце Ўкраіны, Расеі і Беларусі, як цяпер.

— Вы адзначылі, што Літва падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, гэта відавочны факт. Аднак за апошнія год-два даволі актыўна (ва ўсякім разе ў беларускай дэмакратычнай супольнасьці) абмяркоўваюцца некаторыя рашэньні Літвы, накіраваныя на абмежаваньне магчымасьцяў беларускіх грамадзян. Некаторыя захады ўжо былі прынятыя, некаторыя яшчэ абмяркоўваюцца. Чым гэта выклікана, ці можна заяўляць, што адбылася нейкая зьмена ў сьвядомасці і паводзінах літоўскіх палітыкаў у адносінах да беларусаў?

— Я ня думаю, што тут нешта стратэгічна зьмянілася. Ад 2020 году Літва даволі шырока расчыніла дзьверы перад грамадзянамі Беларусі і ў Літву тады прыехалі ня толькі палітычныя ўцекачы, ня толькі грамадзкія дзеячы, але таксама шмат бізнэсоўцаў і ІТ-спэцыялістаў.

Як заўжды бывае, калі дзьверы шырока расчыненыя, аслабляюцца магчымасці кантролю над тымі, хто прыяжджае. Мне здаецца, гэта даволі нармальны стан, што цяпер Літоўская Рэспубліка ўбачыла, што трэба ўзмацніць гэты кантроль за прыёмам грамадзянаў Беларусі.

А другая прычына — даволі абвостраная абстаноўка ў кантэксьце расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Гэта характэрна для ўсіх краін Балтыі, для ўсяго рэгіёну. Так што, на жаль, магчымасьць прымаць беларусаў значна звузілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь працягнула забарону на ўвоз асобных тавараў зь Літвы