Як змагацца са стомай вачэй

Шмат у каго з нас падчас працы ці доўгага чытаньня ўзьнікае пачуцьцё стомленасьці вачэй, у некаторых яны нават пачынаюць балець. У новай публікацыі The New York Times экспэрты дзеляцца парадамі, як такі дыскамфорт аблегчыць.

Пасьля таго, як мы гадзінамі глядзім у кампутар або пракручваем стужку сацыяльных сетак на тэлефоне, можа ўзьнікнуць боль у вачах ці іх затуманенасьць.

Гэтыя непрыемныя адчуваньні зьяўляюцца прыкметамі сындрому напружваньня вачэй. Гэтым тэрмінам лекары карыстаюцца, калі маюць справу з такімі сымптомамі, як сухасьць вачэй, павышанае выдзяленьне сьлёз, часовы невыразны зрок, пачырваненьне ці боль у вачах і галаўныя болі. Сындром кампутарнай стомленасьці або лічбавая напруга вачэй таксама пападаюць пад гэтае вызначэньне.

Але час кантакту вачэй з экранам — не адзінае, што можа іх стамляць. Такія заняткі, як чытаньне, пісаньне і рукадзельле, таксама могуць выклікаць праблемы.

Чаму ўзьнікае напружаньне вачэй

Існуе некалькі прычын напругі вачэй. Па-першае, многія людзі мала міргаюць, калі глядзяць на экран ці чытаюць. Мірганьне падтрымлівае вільготнасьць вачэй, а нячастае мірганьне іх сушыць і можа выклікаць невыразны зрок, пачуцьцё паленьня ці адчуваньне пяску пад павекамі.

Дапамагчы ў такой сытуацыі можа перапынак ад занятку, які выклікае напружаньне, або выкарыстаньне так званых штучных сьлёз.

Але калі вы сутыкаецеся з сухасьцю кожны дзень, прачынаецеся са сьлізьзю ў вачах ці заўважаеце, што сымптомы не паляпшаюцца пасьля адпачынку, трэба зьвяртацца да акуліста. Такую параду дае амэрыканскі афтальмоляг, дацэнт Дэйв Патэль з Арызоны. Акуліст можа праверыць наяўнасьць такіх станаў, як хранічная сухасьць вачэй, што можа запатрабаваць лячэньня рэцэптурнымі прэпаратамі.

Напружаньне вачэй таксама можа ўзьнікнуць, калі стамляецца так званая цыліярная цягліца, якая дапамагае крышталіку вока факусавацца.

«Мы ніколі не сумняваемся, што нашым нагам патрэбны адпачынак пасьля маратону, — кажа афтальмоляг зь Нью-Ёрку Аўніш Дэабхакта. — Калі ж мы доўга глядзім на нешта, мы нібыта бяжым маратон вачыма».

Калі цыліярная цягліца скарачаецца, яна натуральным чынам мяняе форму крышталіка вока. Але з узростам крышталік цьвярдзее і ня так лёгка згінаецца, што абцяжарвае дакладны зрок зблізку. Гэты стан называецца прэсбіёпія і зьяўляецца прычынай таго, што людзі ва ўзросьце 40 гадоў і старэйшым часта выкарыстоўваюць акуляры для чытаньня. Зрэшты, кажа доктар Патэль, цыліярная цягліца можа стамляцца і выклікаць напружаньне вачэй у любым узросьце.

Таксама вочы могуць балець, калі чалавек выкарыстоўваеце акуляры зь няправільным рэцэптам або зусім ня носіць акуляры, калі яны яму патрэбныя. «Гэта як бы вы надзелі няправільны абутак — меншы за вашу нагу», — кажа доктар Дэабхакта.

Так што калі вы адчуваеце напружаньне пры нашэньні акуляраў або кантактных лінзаў, лекары раяць зьвяртацца да акуліста.

Як дапамагчы вачам самстойна

Калі вы заўважаеце нейкія новыя сымптомы, то варта ісьці да лекара, які можа паставіць дыягназ, прыпісаць лекі і карэкцыю зроку з дапамогай акуляраў ці кантактных лінзаў.

Але калі вы проста хочаце пазбавіцца ад напружаньня вачэй, экспэрты даюць парады, як яго зьвесьці да мінімуму самастойна.

У англамоўным сьвеце лекары раяць пацыентам выконваць правіла 20-20-20. Калі вы доўга гледзіце на экран або чытаеце, варта рабіць перапынак кожныя 20 хвілін і паглядзець на нешта на адлегласьці 20 футаў (6-7 мэтраў) на працягу 20 сэкундаў. Зрэшты некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што 20 сэкунд для такога перапынку недастаткова. Таму можна ўдалячынь глядзець і даўжэй

Увільгатняйце вочы. Калі яны сухія, можна выкарыстоўваць аднаразовыя штучныя сьлёзы, якія не ўтрымліваюць кансэрвантаў. Кансэрванты могуць выклікаць раздражненьне. Таму правярайце этыкетку са складам і шукайце фразу «без кансэрвантаў».

Не забывайце міргаць. Гэта выдатны спосаб прадухіліць высыханьне вачэй і наступны дыскамфорт. Падумайце аб тым, каб пакласьці запіску з напамінам пра мірганьне побач з кампутарам ці кнігай, якую вы чытаеце.

Выкарыстоўвайце цёплыя кампрэсы. Намачыце марлевы тампон у цёплай вадзе і акуратна прыкладзіце яго да павек на 10 хвілін адзін-два разы на дзень. Кампрэс стымулюе залозы, што вылучаюць тлушч, які прадухіляе занадта хуткае выпарэньне сьлёз у воку. Павекі тонкія і вельмі адчувальныя, таму не карыстайцеся занадта гарачай вадой і не прыціскайце моцна кампрэс да вачэй, каб ня выклікаць апёкаў.