Ціханоўская ў Польшчы выступіла на канфэрэнцыі АБСЭ і абмеркавала з польскімі ўладамі зварот Літвы ў Гаагу

Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі АБСЭ «Чалавечае вымярэньне». Варшава, 3 кастрычніка 2024 году

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 3 кастрычніка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Польшчы, паведамляе яе прэс-служба.

Асноўнай падзеяй дня для Сьвятланы Ціханоўскай стаў удзел у канфэрэнцыі АБСЭ «Чалавечае вымярэньне» ў Варшаве. Гэты форум прысьвечаны правам чалавека і асноўным свабодам у рэгіёне АБСЭ, а таксама наступствам бягучых падзеяў і тэндэнцыяў для бясьпекі рэгіёну.

Ціханоўская далучылася да дыскусіі «Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі: сумесныя намаганьні па іх вызваленьні», ключавымі тэмамі якой сталі выклікі, зь якімі сутыкаюцца беларускія палітвязьні і іх сем’і з 2020 году, а таксама магчымыя меры па ўмацаваньні правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Абмеркаваньне ішло з удзелам дэлегатаў краінаў-чальцоў АБСЭ, экспэртаў, актывістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Падчас прамовы Ціханоўская сфакусавалася на праблемах палітвязьняў у Беларусі і заклікала краіны-сябры АБСЭ падтрымаць справу, якую Літва перадала ў Міжнародны крымінальны суд.

«Няма больш актуальнай тэмы, чым нашыя палітычныя зьняволеныя. Людзям у турмах адмаўляюць у юрыдычнай і мэдыцынскай дапамозе. 29 палітвязьняў знаходзяцца ў крытычным стане», — заявіла Ціханоўская падчас выступу.

Яна адзначыла, што беларускія дэмакратычныя сілы разам з праваабаронцамі склалі гуманітарны сьпіс з 224 палітвязьняў, сярод якіх непаўналетнія, пажылыя людзі, людзі зь цяжкім станам здароўя і шматдзетныя маці. «Гэтыя людзі павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна», — заявіла Ціханоўская.

Яна таксама адзначыла, што сотні тысячаў беларусаў пакінулі радзіму і «ня могуць адчуць сябе ў бясьпецы», бо ім пагражаюць завочныя суды, іх пазбаўляюць дакумэнтаў, затрымліваюць пры перасячэньні мяжы, шукаюць праз Інтэрпол, а іх сем’і ў Беларусі зазнаюць перасьлед і запалохваньне.

«З ліпеня былі вызваленыя 115 чалавек, але яшчэ 142 былі прызнаныя палітвязьнямі. Галоўны сыгнал, якога мы чакаем і патрабуем — спыненьне рэпрэсіяў. Другі крок — вызваленьне палітвязьняў. Гэта працэс не аднаго дня, але мы павінны пачаць яго зараз і нікога не пакінуць у баку», — заявіла Ціханоўская.

3 кастрычніка ў Варшаве адбылася прэс-канфэрэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта (АПК) з нагоды перадачы ўрадам Літвы дакумэнтаў у Міжнародны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да беларусаў. Удзел у мерапрыемстве разамса Сьвятланай Ціханоўскай узяў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, намесьнік старшыні АПК Павал Латушка, былы палітзьняволены Алег Кулеша і прадстаўнік Хэльсынскага камітэту.

У сваім выступе беларуская лідарка растлумачыла важнасьць пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і падкрэсьліла: краіны-суседзі істотна пацярпелі ад дзеяньняў рэжыму і гатовыя дамагацца справядлівасьці. Беларуская лідарка таксама заклікала іншыя краіны падтрымаць Літву і накіраваць аналягічныя запыты ў суд.

«Польскае МЗС афіцыйна заявіла, што цалкам падтрымлівае пазоў у Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі», — паведаміла Ціханоўская.

Дакумэнты, перададзеныя Літвой у Міжнародны крымінальны суд, сталі галоўнай тэмай сустрэчы Ціханоўскай зь міністрам юстыцыі Польшчы Адамам Боднарам, паведамляецца на сайце польскага ведамства. Мінюст Польшчы ў паведамленьні па выніках сустрэчы падкрэсьлівае, што размова ідзе аб учыненьні «злачынстваў супраць чалавечнасьці», да якіх адносяцца «дэпартацыя, перасьлед і іншыя дзеяньні, ахвярамі якіх сталі амаль 7% грамадзян Беларусі, на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў».

Паведамляецца, што падчас сустрэчы ў міністэрстве юстыцыі Польшчы таксама абмяркоўвалі «падтрымку Польшчай дзейнасьці беларускай апазыцыі ў Эўразьвязе, накіраванай на аднаўленьне дэмакратыі і вяршэнства закону ў Беларусі».

Важным пунктам у праграме Ціханоўскай стала варшаўская сустрэча «Робім больш гучнымі жаночыя галасы ў пытаньнях бясьпекі і абароны», якую зладзіла арганізацыя Women in International Security у рамках Warsaw Security Forum. На сустрэчы штогод зьбіраюцца лідаркі з больш чым 90 краінаў сьвету і розных сфэраў: прадстаўніцы ўладаў, міжнародных арганізацыяў, грамадзянскай супольнасьці, прамысловых прадпрыемстваў, каб абмеркаваць ключавыя праблемы бясьпекі і міру.

Падчас выступу на сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла: беларускія жанчыны наглядна паказалі сьвету сваю непахісную сілу, мужнасьць і гатоўнасьць адстойваць правы і свабоды нават у самых складаных умовах. А такія жанчыны, як, напрыклад, палітзьняволеныя Марыя Калесьнікава, Кацярына Андрэева і Паліна Шарэнда-Панасюк, паводле Ціханоўскай, «працягваюць змагацца нават з-за кратаў».

«Мы змагаемся за свабоду, выхоўваем дзяцей, падтрымліваем свае сем’і і аб’ядноўваем супольнасьці. Мы можам сумяшчаць пратэст у адной руцэ — і трымаць дзіця другой! Гэта тое, што робіць нас унікальнымі. Але справа не толькі ў шматзадачнасьці. Жанчыны прыўносяць тое, чаго часта не хапае ў палітыцы: эмпатыю. Мы ўмеем слухаць, разумець чужы боль і аб’ядноўваць людзей. Я ганаруся кожнай з вас», — сказала Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Нават пасьля магчымай перамогі Ўкраіны пагрозы з боку Лукашэнкі застануцца»