У анэксаваным Крыме пасьля атакі на нафтабазу эвакуююць насельніцтва. Расея абстраляла аэрадром на Хмяльніччыне

Пажар на нафтабазе ў Феадосіі, 7 кастрычніка 2024 году

Пажар на найбольшай у акупаваным Расеяй Крыме нафтабазе пацьвердзілі і ва Ўкраіне, і ў Расеі.

У Крыме абвясьцілі надзвычайную сытуацыю

Раніцай 7 кастрычніка ў Генэральным штабе Ўкраіны заявілі, што ў ноч на 7 кастрычніка нанесьлі трапны ўдар па марскім нафтавым тэрмінале ў Феадосіі.

«Феадасійскі тэрмінал — найбольшы ў Крыме ў аб’ёмах перавалкі нафтапрадуктаў, якія выкарыстоўваліся, у тым ліку, і для забесьпячэньня патрэб акупацыйнай арміі РФ», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

У выніку ўдару пачаўся маштабны пажар. Прарасейскія ўлады Крыму абвясьцілі тэхнагенную надзвычайную сытуацыю, спынілі рух прыгарадных цягнікоў на ўчастку Феадосія — Уладзіславаўка.

«Доступ людзей і транспарту ў зону НС абмежаваны», — заявіў кіраўнік прарасейскіх уладаў Феадосіі Ігар Ткачэнка.

Паводле яго, каля 300 чалавек эвакуавалі ў пункты часовага разьмяшчэньня.

Праўкраінскі Telegram-канал «Крымский ветер» апублікаваў некалькі відэазапісаў, на якіх можна пабачыць маштабы пажару. Паводле зьвестак каналу, спачатку ў 4:24 адбыўся першы магутны выбух, а потым яшчэ два. Але перад гэтым не было чуваць гуку бесьпілётнікаў. Над Феадосіяй стаіць вялікае воблака чорнага дыму, якое можна пабачыць за дзясяткі кілямэтраў.


На паўвостраве толькі два такія вялікія нафтавыя тэрміналы — у Феадосіі і ў Севастопалі. Рэзэрвуары разьлічаныя на захоўваньне 250 тысяч кубамэтраў нафтапрадуктаў.

Гэта чацьвёртая атака ўкраінцаў на нафтабазу — у сакавіку 2024 году пашкодзілі магістральны трубаправод перапампоўваньня паліва. Першыя спробы нанесьці ўдары па рэзэрвуарах у Феадосіі адбыліся летась у лістападзе і сьнежні.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 7 кастрычніка зьнішчылі 21 украінскі дрон, у тым ліку 12 над Крымам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Цьвярской вобласьці Расеі эвакуацыя: пасьля ўдару дрона, як мяркуецца, загарэўся склад з «Іскандэрамі»

Расея атакавала ракетамі і дронамі Кіеў і Сумы

Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко паведаміў, што аскепкі расейскіх ракет упалі ў трох раёнах сталіцы — Саломенскім, Галасеўскім і Шаўчэнкаўскім.

У Саломенскім раёне пашкоджаны дах шматпавярховага дома, адзін з аскепкаў упаў на тэрыторыю мясцовай школы, іншыя — на адкрытай мясцовасьці. Папярэдне, без пацярпелых.

У іншых раёнах аскепкі зьбітых снарадаў таксама знайшлі на адкрытых тэрыторыях.

У Сумах у выніку расейскага абстрэлу дронамі і ракетамі пацярпелі чатыры асобы, у тым ліку адно дзіця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла жылы сэктар Запарожжа і прыпынак грамадзкага транспарту ў Херсоне. Ёсьць ахвяры

Ва Ўкраіне зьбілі 32 расейскія дроны, адна з ракет пацэліла ў раён аэрадрому

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч і раніцай 7 кастрычніка зьбілі дзьве з трох расейскіх ракет «Кінжал». Адна зь іх пацэліла ў раён вайсковага аэрадрому «Стараканстанцінаў» у Хмяльніцкай вобласьці.

Сродкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны таксама зьбілі 32 дроны, яшчэ 37 згубіліся ў розных рэгіёнах Украіны ў выніку дзейнасьці тэхнікі радыёэлетроннай барацьбы.

Расея атакавала Мікалаеўскую, Кіеўскую, Днепрапятроўскую, Сумскую, Чарнігаўскую, Палтаўскую, Харкаўскую і Хмяльніцкую вобласьці Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.