Зь пераліку платных паслуг для вязьняў у СІЗА прыбралі замову ежы ў сталоўках

Новы сьледчы ізалятар у Калядзічах пад Менскам. Ілюстрацыйнае фота

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў падпісаў у жніўні пастанову № 284 са зьменамі ў пераліку платных паслуг, якімі могуць карыстацца вязьні беларускіх СІЗА згодна з «Правіламі ўнутранага распарадку сьледчых ізалятараў».

У сьпісе паслуг, які дзейнічаў з 2004 году, было 11 пазыцый. Пасьля ўнясеньня зьменаў на адну стала меней. Кіраўніцтва МУС вырашыла пазбавіцца паслугі «дастаўка страваў з сталоўкі для пэрсаналу сьледчага ізалятару» таксама для вязьняў.

Матывы скасаваньня такой паслугі невядомыя. Палітвязень Анатоль, які ў 2021 годзе падчас сьледзтва правёў больш за паўгода ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, згадаў рэдкія выпадкі, калі сваякі вязьняў маглі перадаць ім у харчовых перадачах цёплыя стравы, але пра замову абедаў ці вячэраў у сталоўцы СІЗА ня чуў.

Словы Анатоля, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, пацьвердзіла былая палітзьняволеная журналістка Вольга Лойка. Вольгу трымалі ў СІЗА ў 2021 і ў пачатку 2022 году.

«Чула, што гэта калісьці было ў СІЗА КДБ (так званая „Амэрыканка“), але каб на „Валадарцы“ — ня чула пра такое. І што там былі VIP-камэры, дзе такое можна было замовіць, таксама ня чула», — сказала Вольга Лойка.

Былы палітзьняволены праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка 13 месяцаў пасьля затрыманьня ў студзені 2021 году адседзеў у гомельскім сьледчым ізалятары. Пра платныя паслугі, якія там аказваюць вязьням, Судаленка нічога ня ведаў.

«Там платна замовіць стравы з сталоўкі мы не маглі. Такое не практыкавалася і нават не прапаноўвалі нікому. Нават не памятаю, каб мяне знаёмілі з гэтым парадкам знаходжаньня ў камэры, ня тое што зь пералікам паслуг», — расказаў Леанід Судаленка.

Паводле новай пастановы МУС, у пераліку платных паслуг, якімі могуць карыстацца вязьні СІЗА, засталіся наступныя:

  • 1. Мыцьцё, рамонт адзеньня і пасьцельнай бялізны.
  • 2. Рамонт абутку.
  • 3. Мадэльная стрыжка, укладка валасоў на галаве.
  • 4. Выдача ў часовае карыстаньне электрычнага кіпяцільніка, вэнтылятара, лядоўні ці тэлевізара.
  • 5. Асобныя віды лячэньня і пратэзаваньня зубоў.
  • 6. Падбор, выраб акуляраў, пратэзаў, артапэдычнага абутку.
  • 7. Кансультацыі спэцыялістаў дзяржаўных арганізацыяў аховы здароўя.
  • 8. Юрыдычныя кансультацыі.
  • 9. Паслугі натарыюса.
  • 10. Зьняцьце копіяў з дакумэнтаў, якія ёсьць у чалавека, што знаходзіцца пад вартай, ці ў ягонай асабістай справе.

Леанід Судаленка кажа, што карыстацца гэтымі платнымі паслугамі яму ці камусьці зь ягонай камэры не даводзілася.

«Адзінае, чым карыстаўся, — здаваў брудную адзежу на склад і пісаў ліст жонцы, каб забрала для праньня і потым мне перадала чыстае. Бо ў камэры мыць адзежу забаранялі. А гэта дазвалялася і грошы за гэта ня бралі. Жонка рабіла за свой кошт», — успамінае Леанід Судаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Юрасю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады да турэмнага тэрміну

«Тэлевізар толькі не для палітычных»

Таксама пастанова МУС дапаўняе пункт правілаў унутранага распарадку СІЗА, які тычыцца выдачы дазволу на тэлевізар у камэры.

«З дазволу начальніка СІЗА пры ўмове адсутнасьці ў камэры тэлевізара і наяўнасьці электраэнэргетычных і тэхнічных магчымасьцяў яго ўстаноўкі дапускаецца перадача на адрас асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, малагабарытных тэлевізараў для ўстаноўкі і выкарыстаньня іх у камэрах. Парадак іх прыёму і выкарыстаньня вызначаецца начальнікам СІЗА ці асобай, якая выконвае яго абавязкі. У выпадку парушэньня правілаў карыстаньня тэлевізарам супрацоўнікі СІЗА маюць права канфіскоўваць іх з наступнай перадачай асобам, якія перадалі гэтыя тэлевізары», — пазначана ў новай рэдакцыі Правілаў.

Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі парадак выдачы тэлевізараў у істоце ня зьменены, але што да палітычных вязьняў, дык у гомельскім СІЗА, дзе ён прабыў 13 месяцаў, існавала забарона на выдачу тэлевізараў у камэры з палітычнымі вязьнямі.

«Зьмяніў 4 камэры, і нідзе не было тэлевізара праз тое, што я быў палітычным. Больш за тое, чуў сваімі вушамі з калідору пагрозы кантралёраў у адрас тых камэраў, дзе быў тэлевізар, маўляў калі будуць гучна гаманіць, дык да іх перавядуць палітычнага і, адпаведна, забяруць тэлевізар», — расказаў Леанід Судаленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьмянілі пастанову пра тэхніку бясьпекі вытворчасьці ў вязьніцах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гомельскім СІЗА на кастрычнік скасоўваюць спатканьні