Бацька ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Віктара Амброса паходзіць з Смаргонскага раёну Беларусі

Віктар Амброс (зьлева) і Гэры Раўкан

На беларускія карані новага нобэлеўскага ляўрэата ў галіне мэдыцыны і фізіялёгіі зьвярнула ўвагу «Эўрарадыё».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, бацька Амброса — Лёнгін Багдан Амброс, нарадзіўся ў міжваеннай Польшчы ў кастрычніку 1923 году.

«Еўрарадыё» піша, што мова ідзе пра сучасную вёску Даргішкі ў Ашмянскім раёне Горадзенскай вобласці, якая ў 1920-я — 1930-я гады ўваходзіла ў склад Польшчы.

Паводле ж інфармацыі Свабоды, ідзецца пра сучасную вёску Дордзішкі Смаргонскага раёну (уваходзіць у склад Ашмянскага дэканату Рымска-каталіцкай царквы).

У афіцыйным паведамленьні сям’і пра сьмерць Лёнгіна Багдана Амброса ў 2014 годзе сьцьвярджаецца, што яго бацькамі былі Віктар і Малгажата Амбросы. Ён стаў сіратой у 8 гадоў, яго выхоўвалі сваякі, а ўлады яму як вельмі таленавітаму дзіцяці прызначылі нацыянальную стыпэндыю для навучаньня спачатку ў павятовым горадзе, потым у Вільні. Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны 15-гадовы Лёнгін уцёк ад бальшавікоў на захад, трапіў у палон нацыстаў і 5 гадоў правёў на прымусовых працах у Нямеччыне. Ён быў вызвалены амэрыканскай арміяй, у 1946 годзе прыехаў у ЗША і паступіў на службу ў паветрана-дэсантныя войскі. Лёнгін быў здольны да моваў, валодаў чатырма сучаснымі эўрапейскімі мовамі й лацінай. Грамадзянінам ЗША ён стаў у 1953 годзе, сёньняшні нобэлеўскі ляўрэат — Віктар Амброс — нарадзіўся ў Лёнгіна і яго жонкі Мэлісы менавіта ў той год.

Пасьля службы ў войску Лёнгін Багдан Амброс пасяліўся ў Гартлэндзе, валодаў малочнай фэрмай, а пасьля майстэрняй мэблі і крамай для яе продажу. У яго была родная сястра Гэнавэфа Амброс, якая была замужам за Мечыславам Сташкевічам і ў замужжы мела прозьвішча Сташкевіч.

У нобэлеўскага ляўрэата Віктара Амброса было пяць братоў і чатыры сястры, адзін брат, Майкл, памёр у дзяцінстве.

  • Сёньня стала вядома, што Нобэлеўскую прэмію ў фізіялёгіі і мэдыцыне за 2024 год прысудзілі амэрыканскім навукоўцам Віктару Амбросу і Гэры Раўкану за адкрыцьцё мікраРНК і яе ролі ў посттранскрыпцыйнай рэгуляцыі генаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Нобэлеўскі тыдзень. Першымі агучылі імёны ляўрэатаў у мэдыцыне