Мінус восем тысяч настаўніц і настаўнікаў. Як рэжым зьнішчае нашу будучыню праз школу

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Участак № 126 у Горадні, прэзыдэнцкія выбары-2020.

Нядаўна мне сьніўся тыповы ўцякацкі сон — я ў Беларусі і ня ведаю, як буду адтуль выбірацца. Звычайна ў такіх снах я бачу родных, але на гэты раз я там чамусьці сустракалася са старой школьнай настаўніцай.

Пазьней я пашукала інфармацыю пра яе і даведалася, што яна па-ранейшаму працуе ў школе, але ўжо ў іншай. Ці была яна ў выбарчай камісіі ў 2020 і ці ўдзельнічала ў фальсіфікацыях, я ня ведаю.

Але ведаю, што шмат настаўніц і настаўнікаў, якія адмаўляліся гэта рабіць, з тых часоў звольнілі. Як і тых, каго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах.

Усяго за тры гады ў Беларусі стала на 8,1 тысячы менш настаўніц і настаўнікаў. І каб быў ясны маштаб катастрофы — гэта скарачэнне на 7,3%. Ня ўсіх, канечне звольнілі, — шмат хто самастойна сышоў з працы і зьехаў, асцерагаючыся перасьледу. У кагосьці не было магчымасці аформіць усё афіцыйна, бо зьяжджаць трэба было тэрмінова. Некаторыя надоўга трапілі за краты, і пасьля вызваленьня ім, як і іншым палітзьняволеным, амаль нерэальна будзе знайсьці любую працу ў Беларусі, а пра школу і думаць няма чаго.

Лукашэнка ў найлепшых традыцыях праігнараваў рэальнасьць і ў сваім віншаваньні з нагоды нядаўняга Дня настаўніка казаў, што настаўніцы і настаўнікі падвышаюць прэстыж адукацыйнай сфэры. Гучыць як зьдзек, асабліва калі ўзгадаць, што менавіта на школы найбольш ціснуць, каб яны ідэалягічна апрацоўвалі дзяцей. Менавіта са школ 9 жніўня 2020 году АМАП «эвакуяваў» настаўніц і настаўнікаў, і тыя сарамліва вылазілі нават праз вокны, абы толькі не сустрэцца з выбаршчыкамі і выбаршчыкамі.

На маім участку ў аднаго мужчыны здалі нэрвы і ён крычаў, што не павядзе больш сваіх дзяцей да гэтых настаўніц. На наступны навучальны год, і праўда, была хваля пераводу дзяцей на хатняе навучаньне ці ў прыватныя школы, бо бацькі не гатовыя былі весці дзяцей на ўрокі да тых, хто сфальшаваў выбары.

Пра які прэстыж ідзе гаворка, што гэта за трызьненьне ўвогуле? Больш, чым настаўніц і настаўнікаў, Лукашэнка не зганьбіў, здаецца, нікога. Ды нават зь нізкімі заробкамі і бюракратыяй шмат хто гатовы быў мірыцца і заставаўся ў прафэсіі да апошняга, але праз «удзел» у выбарах настаўніцы і настаўнікі усё больш і больш гублялі павагу з боку грамадзтва.

Вядома, ня ўсе. Вядома, у школах і дагэтуль застаецца шмат годных людзей, якім удаецца прыстасавацца. Найлепшае, што яны могуць зрабіць — гэта мінімізаваць колькасьць прапаганды, якую атрымліваюць дзеці. Але шмат хто паслухмяна выконвае ўсе патрабаваньні рэжыму, бо так прасцей.

Што будзе далей са школьнай адукацыяй у Беларусі? Мне літаральна страшна ўявіць, бо я памятаю, што дна няма, і ўжо цяпер там усё вельмі і вельмі кепска. Лекцыі ад міліцыянтаў? Калі ласка. Гульні са стралянінай ад БРСМ на школьным стадыёне? На здароўе. Дабравольна-прымусовае наведванне парадаў, канцэртаў і хакейныя гульняў — усё гэта практыкавалася, практыкуецца і, відаць будзе практыкавацца і далей.

І пакуль ідэалягічная апрацоўка расьце, якасьць адукацыі падае — настаўніц і настаўнікаў становіцца менш, колькасьць дзяцей на кожнага чалавека ўзрастае. Потым прыхільнікі Лукашэнкі і «парадачку» абавязкова скажуць, што дзеці кепска адукаваныя, бо ім замінаў інтэрнэт, квадроберы і што заўгодна яшчэ, і будуць упарта ігнараваць той факт, што гэта яны сваімі рукамі стварылі сыстэму, якая дзесяцігодзьдзямі руйнавалі будучыню краіны.

Вельмі спадзяюся, што тая настаўніца, якую я нядаўна бачыла ў сьне, ня ўдзельнічала ў фальсыфікацыях і не расказвае сваім новым вучням і вучаніцам ідэалягічную лухту. Я — чалавек пэсымістычны, але нават такой пэсымістцы як я, часам трэба вера ў маленькі цуд.

Бо калі калі магчымы маленькі, мо, і ва ўсёй краіны будучыня зруйнаваная не канчаткова?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.