Нарвэгія далучылася да санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі

Сьцяг Нарвэгіі

Нарвэгія ўвяла санкцыі супраць Беларусі «ў адказ на ролю і ўдзел беларускага рэжыму ў нападзе Расеі на Ўкраіну ў парушэньне міжнароднага права», гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным 7 кастрычніка на сайце ўраду краіны.

Абмежаваньні, як паведамляецца, «адпавядаюць захадам, прынятым ЭЗ супраць Беларусі 29 чэрвеня 2024 году» і маюць «ўсёабдымны характар». Яны накіраваныя на некалькі сэктараў беларускай эканомікі, уключна з гандлем, сфэрай паслуг і транспартам.

Санкцыі закліканыя, у прыватнасьці, перадухіліць абыход санкцый супраць Расеі. Некаторыя абмежаваньні ў дачыненьні Расеі распаўсюджваюцца і на Беларусь, адзначылі ў Осла.

Захады ўключаюць:

  • пашырэньне забароны на аказаньне тэхнічнай дапамогі, зьвязанай з таварамі і тэхналёгіямі абароннага прызначэньня;
  • забарону на транзыт праз тэрыторыю Беларусі зброі, кампанэнтаў і боепрыпасаў;
  • забарону на продаж правоў інтэлектуальнай уласнасьці, зьвязаных з такімі таварамі;
  • забарону на экспарт тавараў, якія могуць садзейнічаць павышэньню прамысловага і вайскова-тэхнічнага патэнцыялу або разьвіцьцю сэктару абароны і бясьпекі Беларусі;
  • забарону на транзыт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналёгій шматмэтавага прызначэньня і іншае.

Нарвэгія таксама ўвядзе забарону юрыдычным асобам станавіцца аўтатранспартнымі кампаніямі, калі яны на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізычным або юрыдычным асобам. Таксама ўвядуць забарону аўтатранспартным кампаніям, заснаваным у Нарвэгіі, якія на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізычным або юрыдычным асобам, ажыцьцяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў у Нарвэгіі, у тым ліку транзытныя. Зрэшты, у паведамленьні нарвэскага боку зазначаецца, што тут магчымыя выключэньні.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 8 кастрычніка наведае Осла. Як паведаміў «Позірку» яе дарадца Франак Вячорка, заплянаваная яе сустрэча зь міністрам замежных спраў гэтай краіны Эспэнам Бартам Эйдэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса ў Нарвэгіі асудзілі за «кактэйлі Молатава», кінутыя ў рэзыдэнцыю караля
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гаваркая істота на памежжы трох моваў», — перакладчыца Марына Хоббель пра жыцьцё і творчасьць у Нарвэгіі