Лукашэнка адрэагаваў на заявы пра магчымы ўвод украінскага войска ў Беларусь і пракамэнтаваў зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што ва Ўкраіне не разглядаюць магчымасьці ўводу ўкраінскіх войскаў і вядзеньня баявых дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў у камэнтары расейскім мэдыя 8 кастрычніка ў Маскве перад пачаткам пасяджэньня савету кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц СНД. Фрагмэнт ягонага камэнтара апублікаваў у сваім Тэлеграм-канале карэспандэнт «Россия-1» Павел Зарубін.

«Ну няхай паспрабуюць [увайсьці на тэрыторыю Беларусі. — РС]. Мы іх чакаем. Але я вам павінен сказаць, што ў Беларусі, калі нехта, як я кажу, прабачце, і вякае, то гэта людзі, якія абсалютна не прымаюць ніякіх рашэньняў. Гэта проста вяканьне звычайнае.

Ніхто з сур’ёзных людзей, нават на ўзроўні прэзыдэнта Зяленскага, ня думае пра тое, што трэба зайсьці ў Беларусь. Гэта галаўны боль, вельмі сур’ёзны, які прывядзе да краху наагул у ваенных адносінах кіеўскія ўлады», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі наконт гэтага «абсалютна спакойныя».

Таксама Лукашэнка заявіў, што «падтрымлівае пэўныя кантакты з украінскімі ўладамі», адзначыўшы, што хоць яны і мінімальныя, гэтыя «каналы сувязі» дапамагаюць абменьваць ваеннапалонных паміж Расеяй і Ўкраінай, а таксама «падтрымліваць кантакты на гуманітарным узроўні».

«Гэта нармальныя кантакты. Мы тут разам працуем з расейцамі. Таму зь любога боку, з любых пазыцыяў улезьці ў Беларусь вось такім чынам — 1,5 тысячы кілямэтраў мяжа — украінцам гэта дакладна ня трэба», — сказаў ён.

Таксама ў размове з журналістамі Лукашэнка пракамэнтаваў зьмены, унесеныя нядаўна ў ядзерную дактрыну Расеі, паведамляе яго прэс-служба. Расейская ядзерная дактрына цяпер прадугледжвае магчымасьць адказу ядзерным ударам нават у выпадку, калі супраць тэрыторыі «саюзнай дзяржавы» ўжывуць няядзерную зброю, але пры гэтым «ёсьць пагроза сувэрэнітэту». На пытаньне, дзе ў выпадку з тактычнай ядзернай зброяй для Беларусі праходзіць «чырвоная лінія», Лукашэнка адказаў:

«Мяжа дзяржаўная. Мы ўжо пра гэта сказалі выразна і дакладна. Калі нехта перасякае нашую дзяржаўную мяжу, мы будзем усё рабіць для ўжываньня ўсёй зброі, якая ёсьць у Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

На пытаньне журналістаў аб пратаколе прыняцьця рашэньня ў выпадку, калі давядзецца ўжываць ядзерную зброю, Лукашэнка пацьвердзіў, што разьмешчаная ў Беларусі расейская тактычная ядзерная зброя можа быць ужытая толькі з дазволу Крамля.

«Слухайце, нават калі б мы, як Паўночная Карэя, мелі зброю, вырабленую і створаную ў сябе, ніколі ў жыцьці ні адна краіна не прымяніла б яе самастойна без кансультацыі з сваімі саюзьнікамі. А тым больш нам без кансультацыі з Расейскай Фэдэрацыяй, — сказаў Лукашэнка. — Калі б раптам, то, натуральна, мы б ня проста пракансультаваліся, мы б вельмі сур’ёзна правялі перамовы з прэзыдэнтам Расеі аб прымяненьні гэтай зброі».

  • 5 кастрычніка дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад кіроўнай партыі «Слуга народу» Алег Дунда на 13-м «Форуме свабоднай Расеі» ў Вільні заявіў пра неабходнасьць «перанесьці вайну ў Беларусь». «Абсалютна важна перанесьці вайну ня толькі на тэрыторыю Бранскай, Курскай вобласьці, але і ў Беларусь. Я глыбока ўпэўнены, зайшоўшы адносна невялікімі падразьдзеламі ў Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. (...) А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве», — заявіў дэпутат.
  • 25 верасьня на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква «пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніцы саюзнай дзяржавы». «У тым ліку калі супернік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту», — дадаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін анансаваў зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі і прыгразіў ужыць ядзерную зброю пры агрэсіі супраць Беларусі