Расея і Армэнія дамовіліся аб вывадзе расейскіх памежнікаў з армяна-іранскай мяжы да пачатку наступнага году

Уладзмір Пуцін і Нікол Пашыньян 8 кастрычніка 2024 году на сустрэчы ў Маскве

Гэтаму папярэднічаў вывад расейскіх памежнікаў з аэрапорту Ерэвану.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьцілі аб дамоўленасьці вывесьці расейскіх памежнікаў з пунктаў пропуску на армяна-іранскай мяжы да 1 студзеня 2025 году.

Як дамовіліся кіраўнікі дзяржаваў 8 кастрычніка, армянскія памежнікі будуць забясьпечваць ахову мяжы з Іранам сваімі сіламі. Расейскія сілы пакуль застануцца на ахове мяжы Армэніі й Турэччыны разам з армянскімі памежнікамі.

Дзесяцігодзьдзямі мяжу Армэніі з Турэччынай і Іранам ахоўвалі выключна расейскія войскі.

Раней Расея і Армэнія дамовіліся аб вывадзе расейскіх памежнікаў з пунктаў пропуску ў аэрапорце Ерэвану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія вайскоўцы афіцыйна выйшлі з аэрапорту ў Армэніі


Новыя дамоўленасьці аб вывадзе расейскіх сілаў з Армэніі адбываюцца падчас незадаволенасьці армянскіх уладаў роляй расейскіх міратворцаў у канфлікце з Азэрбайджанам у Нагорным Карабаху.

Улады Армэніі раскрытыкавалі Расею за тое, што яна не змагла перадухіліць хуткае наступленьне Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху ў верасьні 2023 году, якое ў выніку прывяло да аднаўленьня кантролю Баку над рэгіёнам пасьля амаль трох дзесяцігодзьдзяў панаваньня там этнічных армянаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Армэніі заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Зь Менску і Ерэвану адклікалі амбасадараў

Пасьля ваеннага посьпеху Азэрбайджану сэпаратысцкі ўрад этнічных армянаў у Нагорным Карабаху самараспусьціўся, што прывяло да далейшых дыскусіяў паміж Ерэванам і Баку аб усталяваньні трывалага міру.

8 кастрычніка на саміце СНД у Маскве Нікол Пашыньян заявіў, што Армэнія гатовая падпісаць праект мірнага пагадненьня з Азэрбайджанам да канца месяца.

Прапанаванае пагадненьне ўключае ўзаемнае прызнаньне тэрытарыяльнай цэласьці, абавязаньні ўстрымлівацца ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў і ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы, усталяваньне дыпляматычных дачыненьняў, што азначае патэнцыйнае развязаньне даўняга канфлікту паміж жорсткімі супернікамі.

Экспэрты перакананыя, што гэта стане важным крокам да стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне пасля шматгадовай напружанасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад удзелу яшчэ ў двух вайсковых вучэньнях АДКБ