Ордэн за вернасьць Расеі. Якія вынікі чарговага візыту Лукашэнкі ў Маскву

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас цырымоніі ўзнагароджаньня, Масква, 9 кастрычніка 2024

У адносінах паміж хаўрусьнікамі назьбіралася праблемаў, якія чакаюць калі не вырашэньня, дык абмеркаваньня. Аднак поўнафарматных перамоваў не атрымалася. Ці не галоўнай падзеяй візыту стала ўзнагароджаньне Лукашэнкі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расеі.

Восьмая з пачатку 2024 году сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна мела своеасаблівы кантэкст. З аднаго боку, ёй спадарожнічала ўрачыстасьць. Расейскі лідэр уручыў Лукашэнку найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Расеі — ордэн Святога апостала Андрэя Першазваннага.

Такім ордэнам у свой час у ХІХ стагодзьдзі быў узнагароджаны віленскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў, вядомы ў беларускай гісторыі як «Вешальнік»: ён жорстка задушыў вызвольнае паўстаньне 1863 году. Ордэн за задушэньне паўстаньня — паралель у выпадку з Лукашэнкам вельмі сымбалічная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «за асаблівыя заслугі» атрымаў ад Пуціна найвышэйшую ўзнагароду Расеі

Напярэдадні, на саміце Садружнасьці незалежных дзяржаў, прымеркаваным да дня народзінаў Пуціна, Лукашэнка ўсяляк дэманстраваў настальгію па СССР, заўзята заклікаў умацоўваць ролю і геапалітычную вагу СНД — структуры, якая даўно ператварылася проста ў клюб кіраўнікоў постсавецкіх краін, якіх яднае высокая ступень ляяльнасьці Расеі. Якая можа быць геапалітычная вага клюбу, пытаньне асобнае. Але спробу, намаганьне ў Маскве яўна заўважылі.

З другога боку, з моманту апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Валааме, якая адбылася сёлета ў ліпені, у адносінах паміж хаўрусьнікамі назьбіраліся праблемы, якія чакаюць калі не вырашэньня, то абмеркаваньня. Гэта і тэма расейскіх «Шахэдаў», якія рэгулярна залятаюць на тэрыторыю Беларусі і іх даводзіцца зьбіваць, і пэўныя малазразумелыя сыгналы, якія падае афіцыйны Менск Захаду, вызваляючы невялікую колькасьць палітвязьняў, і пэрспэктывы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія Лукашэнка хацеў бы правесьці пры падтрымцы ці хаця б маўклівай ляяльнасьці з боку Масквы.

Амбасадар Беларусі ў Расеі Аляксандар Рагожнік паведамляў, што цяпер прапрацоўваецца дадатковы пул сумесных праектаў, якія павінна фінасаваць РФ. Аднак, гледзячы па ўсім, паўнафарматных перамоваў не атрымалася.

Лукашэнка і Пуцін сустракаліся сам на сам 15 хвілінаў перад цырымоніяй узнагароджаньня і нейкі час пасьля цырымоніі, уся астатняя камунікацыю адбывалася ў прысутнасьці дэлегацый у складзе 3-4 чыноўнікаў.

У пачатку сустрэчы Лукашэнка выказаў пажаданьне абмеркаваць 2-3 пытаньні. Невядома, ці удалося гэта, бо перамовы былі кароткія. На тле таго, што апошняя сустрэча ў Валааме цягнулася амаль трое сутак, то сёньняшні перамоўны раунд выглядаў як захаваньне нейкага рытуалу. У сухой рэшце — толькі расейскі ордэн, на якім выгравіраваныя словы: «За веру і вернасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: Ці зайздросьцяць Лукашэнку чальцы клюбу СНД? Тлумачэньне экспэрта Ніжнікава