Інфармацыйнае агенцтва Associated Press паведамляе пра паводку ў Сахары — у Марока і Альжыры. За два дні ў пустыні выпала гадавая норма ападкаў. У выніку бедзтва загінулі больш за 20 чалавек.
Сахара — адзін з самых засушлівых рэгіёнаў сьвету.
Урад Марока заявіў, што колькасьць ападкаў у верасьні за два дні перавысіла сярэднегадавую норму ў некалькіх раёнах, дзе выпадае менш за 250 мілімэтраў ападкаў у год.
Для параўнаньня: у Беларусі выпадае 600-700 мілімэтраў ападкаў у год.
Вада, якая цячэ празь пяскі і аазісы, прывяла да гібелі больш чым 20 чалавек у Марока і Альжыры і пашкодзіла ўраджаі, што прымусіла ўлады вылучыць сродкі на надзвычайную дапамогу, у тым ліку ў некаторых раёнах, пацярпелых ад леташняга землятрусу.
Спадарожнікі NASA паказалі, што ў Марока вада напаўняе дно возера Ірыкі, якое было сухім на працягу 50 гадоў.
«Прайшло ад 30 да 50 гадоў з таго часу, як у нас было столькі дажджоў за такі кароткі прамежак часу», — сказаў Хусін Юабеб з Галоўнага ўпраўленьня метэаралёгіі Марока.
Такія дажджы, якія мэтэаролягі называюць пазатрапічным штормам, могуць зьмяніць надвор’е ў рэгіёне ў бліжэйшыя месяцы і гады, паколькі паветра ўтрымлівае больш вільгаці, выклікаючы большае выпарэньне і выклікаючы больш штормаў, сказаў Юабеб.
Шэсьць гадоў засухі стваралі праблемы для большай часткі Марока, прымушаючы сялянаў пакідаць палі незасеянымі, а гарады і вёскі — эканоміць ваду. Вялікая колькасьць ападкаў, хутчэй за ўсё, дапаможа папоўніць вялікія ваданосныя гарызонты падземных водаў пад пустыняй. Рэгіённыя вадасховішчы напаўняліся рэкорднымі тэмпамі на працягу верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Флорыда рыхтуецца да наймацнейшага за 19 гадоў урагану «Мілтан»