У цэнтры Вільні прызямліўся яшчэ адзін мэтэазонд з тытунёвай кантрабандай

Вільня, ілюстрацыйнае фота

Ад літоўскай сталіцы да мяжы Беларусі 35 кілямэтраў.

У цэнтры Вільні позна ўвечары 9 кастрычніка каля гандлёвага цэнтру CUP прызямліўся чарговы мэтэазонд са скрынкай цыгарэтаў.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, цяпер паліцыя Віленскай акругі вывучае абставіны інцыдэнту.

У гэты ж вечар паліцыя атрымала яшчэ два паведамленьні аб мэтэазондах у Шырвінцкім раёне і ў яшчэ адным раёне Вільні — яны прызямліліся ў дварах прыватных дамоў. Ад Вільні да мяжы Беларусі адлегласьць складае 35 кілямэтраў.

Незадоўга да гэтага прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс паведаміў, што сёлета зафіксавалі 600 мэтэазондаў з кантрабандай, зь якіх звыш 70 перахапілі літоўскія памежнікі.

Сёлета ў верасьні зафіксавалі 250 мэтэзондаў з кантрабандай, у той час як у верасьні 2023 году такіх выпадкаў было толькі тры, а перад тым — увогуле ніводнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У верасьні ў Літву прыляцелі 250 паветраных балёнаў зь Беларусі, памежнікі просяць дазволу зьбіваць іх

Літоўскія памежнікі ўнесьлі ў МУС прапановы ўдасканаліць закон аб дзяржаўнай мяжы і яе ахове, што дазволіла б супрацоўнікам у асобных выпадках ужываць агнястрэльную зброю для нізкалётных аб’ектаў. Цяпер кантроль паветранай прасторы — адна з асноўных функцыяў літоўскай арміі, таму кожны раз памежнікі, калі фіксуюць мэтэазонд ці іншы аб’ект, мусяць узгадняць усе дзеяньні з арміяй.

30 верасьня прайшло пасяджэньне Нацыянальнай камісіі ў бясьпецы Літвы, на якім ацанілі рызыкі, зьвязаныя з «варожай дзейнасьцю Расеі і Беларусі». Сярод іншага, на пасяджэньні шэрагу міністэрстваў — транспарту, унутраных спраў, абароны — даручылі прадставіць сумесныя прапановы ў праблеме мэтэазондаў, «з дапамогай якіх у Літву спрабуюць перакінуць кантрабанду».

Таксама на пасяджэньні камісіі абмяркоўвалі дадатковыя захады ў скарачэньні транспартных плыняў празь мяжу зь Беларусьсю, розным дзяржаўным органам рэкамэндавалі прадставіць ураду адпаведныя прапановы.