Ва Ўкраіне памежніка падазраюць ва ўдзеле ў незаконным перамяшчэньні ў Беларусь уцекачоў ад мабілізацыі

На ўкраінска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Раней стала вядома, што ўкраінцы плацяць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю, каб пазьбегнуць мабілізацыі.

Ва Ўкраіне на час расьледаваньня аб магчымай датычнасьці да арганізацыі незаконнага перамяшчэньня ў Беларусь уцекачоў ад мабілізацыі адхілі ад пасады начальніка аднаго з аддзелаў атраду «Сталёвая мяжа», які дзейнічае ў Ровенскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю.

Як адзначаецца ў адпаведным рашэньні Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева, справу расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны пад працэсуальным кіраўніцтвам Офісу генэральнага пракурора. Яе завялі паводле ч. 3 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прыняцьце прапановы, абяцаньня або атрыманьне неправамернай выгады службовай асобай у асабліва вялікім памеры). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права на тры гады займаць пэўныя пасады або ажыцьцяўляць пэўную дзейнасьць, з канфіскацыяй маёмасьці.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, адзін з знаёмых памежніка ў часе сустрэчы зь ім у кавярні запытаў пра магчымыя факты бесьперашкоднага перасячэньня мяжы недалёка ад населеных пунктаў Познань, Гліннае і Бярозавае ў памежным зь Беларусьсю Сарненскім раёне Ровенскай вобласьці. І памежнік паабяцаў яму даведацца пра гэта.

Пазьней супрацоўнік Дзяржаўнай памежнай службы на сустрэчы ў рэстаране паведаміў свайму знаёмаму аб магчымасьці бесьперашкодна, у службовым аўтамабілі перавезьці асобаў, якія пазьбягаюць мабілізацыі, праз блёк-пасты, што знаходзяцца па дарозе ў кірунку мяжы зь Беларусьсю, і пакінуць іх недалёка ад украінскай мяжы, адкуль яны ўжо змогуць самастойна перайсьці мяжу і трапіць на беларускую тэрыторыю. Вартасьць гэтай паслугі ён ацаніў у 500-1000 даляраў, залежна ад колькасьці асобаў, ахвочых перасячы мяжу ў Беларусь.

Праз два дні пасьля гэтай размовы знаёмы памежніка перадаў усю інфрамацыю ў Ровенскае абласное ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.

Далей, як вынікае з дакумэнту, ён дзейнічаў ужо пад кантролем спэцслужбаў і дапамог справакаваць сытуацыю перавозкі двух грамадзян Украіны да беларускай мяжы. Пасьля таго, як уцекачоў ад мабілізацыі даставілі ў Бярозавае да мяжы зь Беларусьсю, памежнік сустрэўся з сваім знаёмым, каб атрымаць «свой ганарар» у памеры 2000 даляраў. У часе перадачы грошай памежніка затрымалі супрацоўнікі СБУ.

«Уцекачоў ад мабілізацыі» затрымліваюць і па дарозе да мяжы

Сёлета ў пачатку ліпеня на тэрыторыі Бярозаўскай грамады Сарненскага раёну Ровенскай вобласьці ў часе праверкі маршрутнага транспарту ў кірунку Хміль (Украіна) — Дзяржынск (Беларусь) за 15 кілямэтраў да лініі дзяржаўнай мяжы выявілі грамадзяніна Ўкраіны. У часе праверкі дакумэнтаў і допыту ён прызнаўся, што зьбіраўся незаконна перасячы мяжу Ўкраіны зь Беларусьсю, каб пазьбегнуць мабілізацыі.

Памежнікі склалі пратакол аб адмінпарушэньні і перадалі справу ў суд. Парушальнік двойчы не прыходзіў на судовыя пасяджэньні, у выніку справу разглядалі безь яго. Украінец пазьбегнуў пакараньня — суд пастанавіў закрыць справу ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў адміністрацыйнага спагнаньня.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, пакараньне за адміністрацыйнае парушэньне можна прысудзіць не пазьней як цягам трох месяцаў з дня яго ўчыненьня. Такое рашэньне Ракітнаўскі раённы суд Ровенскай вобласьці ўхваліў 7 кастрычніка.

Колішні вайсковец хацеў забраць сваю дзяўчыну зь Беларусі

У пачатку кастрычніка за 4,7 кілямэтра ад украінскай мяжы ў вёсцы Мельнікі Ковельскага раёну Валынскай вобласьці затрымалі беспрацоўнага ўкраінца прызыўнога ўзросту.

Як адзначаецца ў рашэньні Шацкага раённага суду Валынскай вобласьці, ён зьбіраўся незаконна перасячы мяжу ў кірунку Дрочава Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Па затрыманьні ён паведаміў, што не зьбіраўся пазьбягаць мабілізацыі, а меў намер перасячы мяжу, каб забраць зь Беларусі сваю дзяўчыну і вярнуцца зь ёй ва Ўкраіну. З сабой ён узяў штаны з вайсковым «пікселем», што засталіся пасьля службы ў войску, пальчаткі, вяроўку, коўдру, ліхтарык.

Яго затрымалі ў мясцовым гатэлі. Суд прысудзіў яму два дні арышту.

У памежнай службе штодзённа рэгіструюць выпадкі незаконнага перасячэньня мяжы

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што ўжо больш за 40 грамадзян Украіны загінулі, спрабуючы незаконна перасячы мяжу.

«Большасьць такіх выпадкаў адбылася на рэках. Фактычна людзі танулі, не ацаніўшы свае сілы. Ёсьць выпадкі, вядома ж, і ў гарах», — сказаў ён у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 10 кастрычніка.

Андрэй Дземчанка дадаў, што факты спроб незаконна перайсьці мяжу фіксуюць кожны дзень як у пунктах пропуску на падставе падробленых дакумэнтаў, так і па-за імі. Але найбольш спробаў абысьці пункту пропуску адбываецца на мяжы з Румыніяй і Малдовай, менш — на мяжы з Вугоршчынай, Славаччынай і Польшчай.

«Цяпер неспрыяльныя ўмовы надвор’я, таму ахвотнікаў незаконна перасекчы мяжу ўсё менш і, уласна, самі людзі павінны падумаць і ўзважыць усе рызыкі, бо такія незаконныя „падарожжы“, асабліва празь цяжкадаступныя горныя мясцовасьці або празь лясныя масівы, калі яны ня ведаюць мясцовасьці, могуць прывесьці да таго, што гэта будзе пагроза для іхнага жыцьця або здароўя», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы плацяць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю, каб пазбегнуць мабілізацыі

Ровенская і Валынская вобласьць якраз адносяцца да тых рэгіёнаў, сумежныя тэрыторыі якіх праходзяць праз балоцістую мясцовасьць.

Раней стала вядома, што ўкраінцы плацяць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю, каб пазбегнуць мабілізацыі.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • За падтрымку Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, трэніроўкі і вайсковыя зборы, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы зь Беларусьсю.
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі. Зь іх 30 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, яны цяпер у зьняволеньні. Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь і пералічылі ўсе рызыкі