У Кіргізстане пасьля публікацыі карупцыйнага расьсьледаваньня судзілі 11 журналістаў 

Падсужныя журналісты Temirov Live

Дваіх журналістаў кіргіскай антыкарупцыйнай расьсьледніцкай групы Temirov Live асудзілі на турэмнае зьняволеньня па абвінавачаньнях, якія назіральнікі лічаць палітычна матываванымі.

Суд у Бішкеку 10 кастрычніка асудзіў Махабат Таджыбек-кызы на 6 гадоў пазбаўленьня волі, а Азамата Ішэнбэкава — на 5 гадоў пасьля прызнаньня іх вінаватымі ў «стварэньні арганізаванай злачыннай групы» і «закліках да масавых беспарадкаў», паведамляе Кіргіская служба Радыё Свабода.

Таджыбек-кызы — жонка заснавальніка групы Балота Тэмірава.

Суд таксама прысудзіў Актылеку Капараву і Айке Бейшэкеевай 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна па тым жа абвінавачаньні.

Сямёра іншых цяперашніх і былых удзельнікаў Temirov Live былі апраўданыя.

Суд над 11 журналістамі пачаўся 7 чэрвеня на фоне заклікаў унутраных і міжнародных праваабарончых груп зняць усе абвінавачаньні і неадкладна вызваліць падсудных.

У верасьні адна з журналістак, якіх судзяць, Айке Бейшэкеева, была названая лаўрэаткай прэміі Gratias Tibi праскай праваабарончай групы Člověk v tísni («Людзі ў нястачы»).

Балота Тэмірава дэпартавалі ў Расею ў лістападзе 2022 году пасьля таго, як суд прызнаў, што ён незаконна атрымаў грамадзянства Кіргізстана.

Тэміраў, які меў кіргіскі і расейскі пашпарты, адпрэчыў абвінавачаньні і настойваў на тым, што расьсьледаваньне супраць яго распачалі пасьля таго, як ён апублікаваў расьсьледаваньне карупцыі сярод вышэйшых чыноўнікаў Кіргізстана.

Свабодная прэса і грамадзянская супольнасьць Кіргізстана традыцыйна былі самымі актыўнымі ў Цэнтральнай Азіі, але гэта зьмянілася на фоне ўзмацненьня рэпрэсій з боку ураду.

У пачатку красавіка прэзыдэнт Садыр Джапараў падпісаў спрэчны законапраект, які дазваляе ўладам рэгістраваць арганізацыі ў якасьці «замежных прадстаўнікоў», што, на думку крытыкаў, адлюстроўвае рэпрэсіўны расейскі закон аб «замежных агентах», які Масква выкарыстоўвае, каб задушыць незалежную журналістыку і НДА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане звольняць службоўцаў, якія не гавораць па-кіргіску: «Было досыць часу вывучыць»