«Ня мы да іх прыйшлі». Як украінскія танкісты ваююць на Пакроўскім напрамку. Фотарэпартаж

«Т-80, мабыць, найлепшы танк, які ёсьць з нашых (айчынных), ён вельмі хуткі, ціха працуе», — кажуць пра сваю машыну вайскоўцы.

Антону 23 гады. На вайне ён амаль два гады, да яе працаваў на аграрным прадпрыемстве, цяпер — камандзір танка

Аляксандру 28 гадоў. У часы АТА-ААС з 2016-га  да 2019 году служыў паводле кантракту, зь першых дзён поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну зноў пайшоў у войска. У мірным жыцьці працаваў на чыгунцы, цяпер — мэханік-кіроўца танка.

39-гадовы Мікалай паўтара года ў войску. У мірным жыцьці працаваў на будоўлі, на элеватары, цяпер — наводчык у танку.

Вайскоўцы кажуць: «Інтэнсіўнасьць працы бывае розная, залежыць ад таго, як „нашы“ госьці ідуць. Калі пруць, дык працуем. Цяпер пераважна ідуць малымі групамі, бяз тэхнікі, але пастаянна — і ўдзень, і ўначы».

Цяпер танкі працуюць з закрытых пазыцый — вядуць артылерыйскі агонь па цэлях, якія не знаходзяцца ў непасрэднай бачнасьці з агнявой пазыцыі. Супрацьлегласьцю гэтаму зьяўляецца страляніна прамым навядзеньнем, калі стралок гарматы бачыць цэль, выбухі і сам асабіста карэктуе агонь.

На пытаньне пра матывацыю на трэці год поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны вайскоўцы адказваюць: «Я ж ня буду сядзець дома, усе ж ня будзем сядзець, бо нехта мусіць ваяваць», — кажа Аляксандар.

«Страшна выяжджаць на прамое навядзеньне. Каму заўгодна страшна, каб табе дзесьці ў бок РПГ (ручны супрацьтанкавы гранатамёт. — Рэд.) не заляцела ці яшчэ штосьці. Найбольш FPV (тып дрона. — Рэд.) спынялі танк, гэта найгорш, ратуе, што ёсьць „рэбкі“ (сродкі радыёэлектроннай барацьбы. — Рэд.), яны крыху глушаць FPV», — кажуць вайскоўцы аб працы на пазыцыі.

Танкісты расказваюць жарты, мы — анэкдоты, якія ўспомнілі, п’ём каву і грэемся пад восеньскім сонцам. І на імгненьне здаецца, што ты не на вайне, а на звычайным палігоне.

Але гукі «выхадаў» і «прыходаў» артылерыі, гукі дронаў і далягляд у вагні сьведчаць пра іншае...

Пытаюся ў вайскоўцаў: «Ці зьмяніла вас вайна?». Аляксандар: «Зразумела, зьмяніла. Мне здаецца, усіх зьмяніла».

Антон: «Тут па-іншаму, чым дома. Мне было 13 гадоў, калі пачалася вайна (у 2014-м). Неўзабаве будзе два гады, як я служу. Тады, у 2014-м, я і ня думаў, што будзе вялікая вайна».

Мікалай: «Ня ведаю, мабыць, стаў менш перажываць, жывеш адным днём. Да вайны слова „вайна“ страх наганяла, а цяпер — неяк так сабе, проста разумееш, што трэба рабіць. Ня мы да іх прыйшлі, яны да нас».

Аэравыведка выявіла перамяшчэньне расейскай пяхоты, вайскоўцы хутка наводзяцца па каардынатах.

«Выстрал!» — гучна крычыць Антон.

Усё зацягвае пылам. Нам трэба ехаць, хутка разьвітваемся з вайскоўцамі. Яны ж працягваюць несьці службу.

Танкісты 25-й Січаслаўскай брыгады, адпрацаваўшы чарговае заданьне, адразу ж будуць рыхтавацца да наступнага.