Армэнія можа выдаць Менску аднаго з арыштаваных беларусаў

Беларус Уладзімер Баландзін, якому пагражае экстрадыцыя з Армэніі ў Беларусь

Празь некалькі дзён пасьля таго, як генэральныя пракуроры Беларусі й Армэніі абмеркавалі пытаньне аб экстрадыцыі грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў вышуку, Армэнія можа перадаць праваахоўнікам Беларусі аднаго з абвінавачаных — 36-гадовага Ўладзімера Баландзіна, паведамляе армянская служба Радыё Свабода.

Пра магчымую экстрадыцыю грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Баландзіна паведаміла ягоная адвакатка Ані Чатніян.

«Знаходзячыся ў пэнітэнцыярнай установе Ванадзору, ён даведаўся, што неўзабаве яго павінны экстрадаваць, для чаго яго перавялі ў адну з пэнітэнцыярных установаў у Ерэване», — сказала адвакатка.

Беларуса Ўладзімера Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн. Ён у турме ўжо 7 месяцаў.

Паводле зьвестак Менску, на радзіме Баландзіна абвінавачваюць нібыта ў растраце. Між тым, адвакаты беларуса сьцьвярджаюць, што мэбельніка Баландзіна прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у пратэстах 2020 году супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Яго сталі перасьледаваць пасьля таго, як ён — як і тысячы грамадзян — вырашыў удзельнічаць у дэманстрацыях, сходах і маршах у краіне», — сказала Ані Чатніян.

Генэральная пракуратура Армэніі прыняла рашэньне выдаць Уладзімера Баландзіна 31 траўня. У армянскай пракуратуры паведамілі, што Генэральная пракуратура Беларусі дала гарантыі абароны ягоных правоў і свабодаў, але беларускія праваабаронцы не сумняваюцца, што ў выпадку экстрадыцыі правы маладога чалавека ў Беларусі будуць парушаныя.

Рашэньне армянскай пракуратуры, якое дазволіла экстрадыцыю, аспрэчылі ў армянскіх судах, але марна.

«Рэспубліка Армэнія, будучы праўнай, дэмакратычнай дзяржавай, не павінна выконваць незаконныя патрабаваньні дыктатараў ці недэмакратычных краін, краін, дзе Крымінальным кодэксам дасюль прадугледжанае сьмяротнае пакараньне, дзе існуе ганебная сытуацыя масавых парушэньняў правоў чалавека», — заявіла адвакатка Баландзіна.

Генэральная пракуратура Армэніі адмовілася камэнтаваць армянскай службе Радыё Свабода рашэньне аб экстрадыцыі Ўладзімера Баландзіна. У ванадзорскім офісе Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі, які ўзяў на сябе абарону беларуса, сьцьвярджаюць, што рашэньне аб экстрадыцыі незаконнае. На думку праваабарончай арганізацыі, гэта вынік палітычных дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю і Армэніяй.

«Служба міграцыі і грамадзянства МУС Армэніі паралельна разглядала просьбу Ўладзімера Баландзіна аб наданьні прытулку», — расказала Ані Чатніян.

Адвакатка сьцьвярджае, што экстрадыцыю Баландзіна могуць скасаваць, калі Служба міграцыі і грамадзянства Армэніі задаволіць ягонае хадайніцтва аб наданьні прытулку. З словаў Чатніян, экстрадыцыю прыпыняць да разгляду заявы.

Армянская служба Радыё Свабода накіравала запыт у міграцыйную службу аб ходзе разгляду заявы Баландзіна, аднак ведамства не дало ніякай інфармацыі, спасылаючыся на закон пра абарону пэрсанальных зьвестак.

Паводле зьвестак ванадзорскага офісу Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі, зь Менску паступалі патрабаваньні аб экстрадыцыі яшчэ прынамсі двух грамадзян Беларусі, аднак армянскі бок іх не задаволіў. Гэтыя беларусы атрымалі статус уцекачоў у Армэніі. Беларусь абвясьціла іх вышук нібыта «за ўхіленьне ад вайсковай службы», але праваабаронцы сьцьвярджаюць, што крымінальныя справы супраць за іх завялі за ўдзел у мітынгах супраць Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны пракурор Швед падняў у Армэніі пытаньне выдачы беларусаў, абвінавачаных у крымінальных справах
  • 3 кастрычніка на сустрэчы з армянскай калегай Аннай Вардапэт’ян генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед абмеркаваў пытаньне выдачы беларусаў, абвінавачаных і асуджаных у крымінальных справах, пісалі тыдзень таму беларускія дзяржаўныя СМІ.