Траціна танкераў, якія трапілі пад санкцыі, з красавіка зноў перавозяць расейскую нафту, — Bloomberg

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Нафтавы танкер уНаварасійску. Расея, 11 кастрычніка 2022 году

Сама меней 21 з 72 танкераў, якія трапілі пад санкцыі ЗША, Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі, з красавіка 2024 году пачалі зноў перавозіць расейскую нафту, высьветліла агенцтва Bloomberg.

Першыя санкцыі супраць суднаў і кампаній, якія імі кіруюць, за перавозку расейскай нафты ў абыход цэнавай столі ў кастрычніку 2023 году ўвялі ЗША, у 2024-ым санкцыі ўвялі ЭЗ і Вялікая Брытанія.

Да красавіка 2024 году, паводле зьвестак агенцтва, танкеры, якія трапілі пад санкцыі, прастойвалі. З красавіка па чэрвень журналісты зафіксавалі адзін рэйс за месяц. Пасьля таго, як першы груз пасьпяхова даставілі, выкарыстаньне падсанкцыйных танкераў стала расьці: у ліпені перавезьлі два грузы, у жніўні і верасьні — па шэсьць, за 10 дзён кастрычніка — сем.

Агулам, паводле выданьня, падсанкцыйныя танкеры перавезьлі 24 грузы з расейскай нафтай. Амаль дзьве траціны ад усіх грузаў, пагружаных на гэты момант, як сьцьвярджаецца, перавезьлі танкеры, якія трапілі пад санкцыі Вялікай Брытаніі. Самымі эфэктыўнымі, на думку журналістаў, зьяўляюцца санкцыі ЗША: толькі чатыры з 39 танкераў, унесеных у амэрыканскі санкцыйны сьпіс, выкарыстоўвалі для перавозкі расейскай нафты — яны перавезьлі шэсьць грузаў.

Большасьць грузаў з волкай нафтай накіроўваліся ў Кітай, каля траціны даставілі ў Індыю. Першыя танкеры загружаліся ў Наварасійску, аднак апошнія грузы зьбіралі амаль ва ўсіх расейскіх экспартных партах.

Танкеры, якія трапілі пад санкцыі, — гэта толькі невялікая частка ценявога флёту, які Расея стварыла для транспартаваньня нафты і нафтапрадуктаў, адзначае агенцтва. Паводле ягоных зьвестак, існуе мноства іншых суднаў, здольных забясьпечыць Крамлю паступленьне прыбыткаў ад экспарту нафты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: экспарт нафты з Расеі ўпаў на 54% у першы тыдзень дзеяньня «столі» цэнаў