Стала вядомае імя новага спэцыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі

Нілс Муйжніекс

Новым спэцыяльным дакладчыкам ААН аб правах чалавека ў Беларусі стаў Нілс Муйжніекс, паведаміў ТГ-канал дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.

11 кастрычніка ў Жэнэве на паседжаньні 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН на пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам.

Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.

Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў. Доктар паліталёгіі (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт), атрымаў таксама ступень магістра мастацтваў у Прынстанскім унівэрсытэце.

Быў праграмным дырэктар у Фондзе Сораса ў Латвіі, дырэктарам Латвійскага фонду правоў чалавека, міністрам Латвіі ў сацыяльнай інтэграцыі, барацьбе з дыскрымінацыяй і правах меншасьцяў.

Быў старшынём Эўрапейскай камісіі супраць расізму і нецярпімасьці, дакладчыкам камісіі па сытуацыі ў Польшчы, Нідэрляндах і Славаччыне.

У 2012-2018 гадах быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. З чэрвеня 2020 году працаваў рэгіянальным дырэктарам міжнароднай арганізацыі Amnesty International па Эўропе.

Родныя мовы – латыская і ангельская, свабодна валодае расейскай і францускай.

Пры падачы заяўкі на пасаду дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі Муйжніекс указваў, што мае «высокую матывацыю ўзяць на сябе гэты мандат», бо «цьвёрда перакананы ў неабходнасьці ўнесьці свой уклад у паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».

Спэцыяльны дакладчык праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, рэгулярна рыхтуе рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча. Ён таксама сочыць за выкананьнем міжнародных абавязаньняў Рэспублікі Беларусь у сфэры павагі і захаваньня правоў чалавека.

  • Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца (апошні раз у красавіку сёлета).
  • Зь лістапада 2018 году пасаду займае францужанка Анаіс Марэн, яна пакіне яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» будзе разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку.
  • Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто прэтэндуе на ролю новага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мае ААН прэтэнзіі да Беларусі? Адказвае адмысловая дакладчыца арганізацыі па Беларусі