Урад Беларусі спадзяецца на крэдыт аўстрыйскага банку

Радыё Свабода Урад Беларусі ў 2007 годзе плянуе залучыць да 1 мільярда эўра інвэстыцыяў “Райфазэн Цэнтральбанк Аўстрыя”. Гэтыя пляны былі тэмаю сёньняшніх перамоваў прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага зь сябрам праўленьня “Райфазэн Цэнтральбанку Аўстрыя” Патрыкам-Джонам Саерсам Батлерам.
У 2005 годзе ў Беларусь быў залучаны дэбютны сындыкаваны крэдыт “Райфазэнбанку”. Патрык-Джон Саерс Батлер выказаў задавальненьне працаю банку ў Беларусі. Чатыры з паловаю гады таму “Райфазэнбанк” купіў пакет акцыяў беларускага “Прыёрбанку”.

Сяргей Сідорскі і Патрык-Джон Саерс Батлер абмеркавалі магчымасьці далейшага супрацоўніцтва ня толькі ў частцы прысутнасьці капіталу “Райфазэнбанку” ў “Прыёрбанку”, але і ў рэалізацыі іншых праектаў. У прыватнасьці, ідзе размова пра выкарыстаньне патэнцыялу “Райфазэнбанку”, яго інструмэнтаў для залучэньня наўпроставых замежных інвэстыцыяў у Беларусь за кошт сродкаў замежных банкаў.