<B>Новыя крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў</B>

Любоў Лунёва, Менск
Крымінальную справу супраць рэгіянальнай актывісткі “Маладога фронту” ў Нясьвіжы Насты Азаркі сёньня перадалі ў суд. Дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Сьледчы Менскай абласной пракуратуры ўзяў зь яе падпіску пра нявыезд зь Нясьвіжу. У выпадку, калі дзяўчына пакіне межы гораду, яе могуць узяць пад варту.

Н.Азарка: “Не чакаю нічога добрага ад гэтага суду”
Спадарыня Азарка заявіла, што крымінальная справа не паўплывала на ейную дзейнасьць у моладзевым дэмакратычным руху.

“Не чакаю нічога добрага ад гэтага суду. Нават не спадзяюся на тыя вынікі, якія былі ў траўні нашай маладафронтаўскай пяцёрцы. Я гатова да горшага. І калі суд прызначыць мне зьняволеньне, не спалохаюся гэтага. Я гатова да гэтага. Спадзяюся ўсё ж такі, што двух гадоў мне не дадуць. Магчыма, будзе мінімальны варыянт – два гады”.

Яраслаў Грышчэня наведаў сьледчага Баранавіцкай пракуратуры, які ўручыў яму афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Яраслаў паведаміў “Свабодзе”:

“Для мяне гэта не стала нечаканасьцю, бо пасьля падзеяў з Настай Азаркай, Іванам Шылам гэтага можна было чакаць у любым выпадку. Я лічу, што 193 артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі ёсьць самым жахлівым парушэньнем правоў чалавека, Канстытуцыі і нормаў міжнароднага права”.

Я. Грышчэня: “Для мяне гэта не стала нечаканасьцю”
Аналягічная крымінальная справа знаходзіцца ў Салігорскім гарадзкім судзе. Непаўналетняга Івана Шылу будуць судзіць на пачатку навучальнага году.

Такім чынам, пад крымінальны перасьлед патрапілі восем актывістаў “Маладога фронту”. Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтара года зьняволеньня ў Шклоўскай турме. 30 траўня штрафамі пакаралі пяцёх актывістаў менскай арганізацыі “Маладога фронту” Насту Палажанку, Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага.

Павал Севярынец лічыць, што крымінальны перасьлед актывістаў арганізацыі ёсьць сьведчаньнем эфэктыўнай дзейнасьці “Маладога фронту”, якому 6 верасьня споўніцца 10 гадоў.

“Гэта яшчэ адзін этап у вайне, якую рэжым абвясьціў моладзі паўтара года таму. За гэты час былі спробы разваліць арганізацыю, узяць яе штурмам з дапамогаю дзясяткаў крымінальных спраў і соцень дапытаных, а таксама ператрусаў, пасадак лідэраў... Але ўсе гэтыя спробы былі марнымі. Гэткія спробы робяцца ў рэгіёнах. Рэжым лічыць: калі ў сталіцы ўдалося арганізаваць моцную салідарнасьць, то ў рэгіёнах маладафронтаўцы вялікае падтрымкі не атрымаюць. Але яны пралічваюцца”.

Суды над рэгіянальнымі актывістамі пачнуцца цягам месяца.

Любоў Лунёва, Менск

• Насьце Азарцы выставілі афіцыйнае абвінавачаньне , 07.08.2007 • "Малады фронт" падаў у суд на ўпраўленьне юстыцыі, 03.08.2007 • Улады адмовіліся рэгістраваць “Малады Фронт”, 10.07.2007 • Алег Корбан: “Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць”, 29.05.2007