• Чаму рак малочнай залозы пашыраецца ва ўсім сьвеце?

Алена Струвэ, Прага Гэтыя словы вынесеныя на вокладку сёньняшняга нумару амэрыканскага тыднёвіку Time. Як рэзюмуе рэдактар выданьня Рычард Стэнгл, апошнім часам твар небясьпечнай хваробы істотна зьмяніўся. Усё часьцей падобны від анкалягічнага захворваньня сустракаецца ня толькі сярод традыцыйнай групы рызыкі – беласкурых прадстаўніц разьвітых заходніх краін, але і ў Азіі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амэрыцы.
Сярод 27 відаў раку, рак малочнай залозы ёсьць адным з найбольш распаўсюджаных. Цяпер ў сьвеце штогод рэгіструецца больш за 1,1 мільёна выпадкаў захворваньня, тым часам як 30 гадоў таму гэтая лічба не перавышала 500 тысяч.

Паводле дасьледнікаў, найбольшая дынаміка росту хваробы прыпадае на апошняе дзесяцігодзьдзе. Хварэюць ня толькі эўрапейкі, але і лацінаамэрыканкі, азіяткі, афрыканкі. Менавіта на краіны гэтага званага сярэдняга і нізкага дабрабыту будзе прыпадаць найбольшая колькасьць хворых ракам малочнай залозы жанчын.

Паводле навукоўцаў удзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі ў Будапэшце па барацьбе з ракам грудзей, такая тэндэнцыя мае некалькі тлумачэньняў. Па-першае, у маладых краінах палепшылася прафіляктыка інфэкцыйных захворваньняў і адпаведна павялічылася працягласьць жыцьця. Гэты ж від раку зьяўляецца ў тым ліку і дэмаграфічным захворваньнем. Па-другое, азіяткі, афрыканкі, лацінаамэрыканкі перанялі ад заходніх жанчын шмат шкодных звычак – няправільнае харчаваньне, маларухомы лад жыцьця. Арганізатар міжнароднай будапэшцкай сустрэчы –амэрыканскі Фонд Сьюзэн Комэн па барацьбе з ракам малочнай залозы. Невыпадкова, што разам зь вядомымі мэдычнымі сьвяціламі ў канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўніцы 31 краіны сьвету, якія перамаглі гэта захворваньне. Некаторыя зь іх сталі галоўнымі гераінямі публікацыяў сёньняшняга нумару Time.

Як сьведчыць кэнійка Мэры Аньянга, большасьць яе суайчыньніц, хворых на рак малочнай залозы, ня маюць ніякай надзеі на выратаваньне, калі ня зьедуць лекавацца ў замежныя клінікі. У Паўдзённай Афрыцы гэта хвароба на яе раньняй стадыі дыягнастуецца толькі ў 5% выпадкаў. Для параўнаньня – у ЗША ў 50%. Аднак, лічаць удзельніцы будапэшцкай сустрэчы, нельга проста так сядзець і чакаць сьмерці. Тыя, хто перамог гэтае захворваньне, павінны перадаваць свае веды іншым, а таксама засяроджваць увагу ўсясьветнай грамадзкасьці адносна стану гэтай праблемы ў розных краінах.

Філіі Фонду С’юзэн Комэн па барацьбе з ракам малочнай залозы створаныя сёньня ў 125 краінах сьвету.